BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

21-гадовага курсанта МУС асудзілі да 15 гадоў калоніі

Стала вядома, што 14 жніўня ў Гарадзенскім абласным судзе да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі палітзняволенага курсанта МУС Іллю Нарышкіна. Таксама ён мусіць выплаціць 600 базавых велічынь штрафу (24 тысячы рублёў).

Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 361-3 КК (удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы, ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч.

Ілля родам са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гародні. Ягоны бацька — украінец, нарадзіўся ў Крывым Рогу.

Нарышкін паступіў у акадэмію Міністэрства ўнутраных справаў. Цяпер ён мусіў бы скончыць трэці курс крымінальна-выканаўчага факультэта.

Магчыма, Ілля хацеў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Па артыкулах, якія яму прад’яўляюць, у апошні час часцей за ўсё судзілі людзей, якія выказвалі намер паехаць ваяваць на баку Украіны. Некаторыя з гэтых людзей перапісваліся з фэйкавымі ботамі палка Каліноўскага, створанымі спецслужбамі РБ.