
25 сакавіка ў Беластоку пройдзе чарговая акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі. Яна адбудзецца якраз на чацвёртыя ўгодкі незаконнага зняволення журналіста і дзеяча Саюзу палякаў у Беларусі.
Традыцыйная акцыя адбудзецца ў 17.30 на звыклым месцы ў скверы ля помніка Ежы Папялушку.
25 сакавіка 2021 году Анджэй Пачобут быў затрыманы ў Гародні і кінуты ў турму. Пазней яго засудзілі да вялікага тэрміну зняволення – 8 гадоў. Цяпер ён па-ранейшаму ў Наваполацкай калоніі. У зняволенні Пачобут ужо чатыры гады.