BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Ватыкане развіталіся з Папам Рымскім

Getty Images

На пахаванні папы Рымскага было больш 250 тысяч чалавек. У Ватыкан у гэты дзень прыбылі многія сусветныя лідары і кіраўнікі дзяржаваў.

***

Развітанне з папам. Святлана Ціханоўская атрымала запрашэнне ад Святога прастола сфармаваць дэлегацыю ад дэмакратычных сілаў Беларусі на пахаванне Папы Рымскага Францішка ў Ватыкан, якое адбываецца сёння. Ціханоўская даручыла свайму дыпламатычнаму дарадцу Дзянісу Кучынскаму ўзначаліць дэлегацыю і ўзяць удзел у пахаванні Папы. Як адзначае прэс-служба лідаркі беларускіх дэмсілаў, Кучынскі – практыкуючы рыма-католік, на працягу апошніх гадоў адказваў у Офісе Ціханоўскай за сувязі з Ватыканам. Ён запісаў зварот з месца жалобнае падзеі.

Пасля цырымоніі развітання з пантыфікам на плошчы святога Пятра труну перавезлі на іншы бераг Тыбра і правезлі каля плошчы Венецыі, Форума і Калізея. Дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Рыма, каб развітацца з ім. Людзі сустракалі картэж апладысментамі. Пахаваюць Папу Францішка ў царкве Санта-Марыя-Маджорэ.

Фота: Vatican Media

***

У сувязі з пахаваннем Папы Францішка, якое адбываецца сёння, у Рыме прыняты надзвычайныя меры бяспекі, мабілізаваны структуры аховы здароўя і транспарту. Пра гэта перадае інфармацыйны партал Святога Пасада.

Парадак і бяспеку каля Ватыкана забяспечваюць прыкладна шэсць тысяч паліцэйскіх, карабінераў, супрацоўнікаў іншых праваахоўных і вайсковых структур, якім дапамагаюць шматлікія валанцёры.

Напярэдадні ўся навакольная тэрыторыя была праверана сапёрамі, у тым ліку падземныя камунікацыі. На стратэгічна важных будынках размешчаны снайперы. Прысутнічаюць падраздзяленні па абароне ад хімічных, ядзерных і бактэрыялагічных нападаў. Паветраная прастора кантралюецца спецыялістамі з супрацьдронавымі сістэмамі. Рачная паліцыя ажыццяўляе патруляванне Тыбра.

Каля Ватыкана абмежавана магчымасць паркавання аўтамабіляў, перакрыты вуліцы і практычна спынены рух транспарту. У той жа час уведзены дадатковыя цягнікі ў кірунку Рыма і зніжкі на квіткі. Для турыстычных аўтобусаў, якія дастаўляюць пілігрымаў на пахаванне Папы, у горадзе вылучана 1373 парковачныя месцы.

***

Традыцыйна абрад пахавання папы Рымскага складаецца з трох частак: абвешчанне пра смерць і трыванне ў рэзідэнцыі пантыфіка; развітанне вернікаў і адпяванне ў саборы святога Пятра; пахаванне.

***

У Рыме, дзе сёння пройдзе пахаванне папы Францішка, зноў для ўсіх з раніцы адкрытая плошча Святога Пятра. Менавіта там пройдзе Імша на некалькіх мовах, а затым труну з целам пантыфіка перанясуць у базіліку Санта-Марыя-Маджорэ. Пра гэта перадае ВВС.

Сама цырымонія пачнецца а 9-й раніцы. За паўгадзіны да гэтага на плошчу Святога Пятра прыбудуць лідары многіх краін свету, у тым ліку прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Узначаліць царкоўную службу дэкан Калегіі кардыналаў Джавані Батыста Рэ. Імша прадоўжыцца паўтары гадзіны. Затым труну ўнясуць у Сабор Святога Пятра, а адтуль працэсія накіруецца да месца пахавання, якое раней абраў для сябе папа Францішак.

20 красавіка ў Вялікдзень Папа Францішак апошні раз з’явіўся на людзях і звярнуўся да вернікаў са святочным добраславеннем. На наступны дзень ён пайшоў з жыцця. Яму было 88 гадоў.

Нагадаем, што з нагоды пахавання главы Рымска-каталіцкай царквы ў Польшчы сёння дзень агульна-нацыянальнай жалобы.

Трансляцыю з пахавання можна глядзець на тэлеканале Белсат:

YouTube player