BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

27 студзеня — міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда прымае ўдзел у святкаванні 80-й гадавіны вызвалення Асвенцыма, якая адзначаецца 27 студзеня.

Урачыстасці пачаліся з ускладання прэзідэнтам Польшчы і ацалелымі вянкоў і свечак перад сцяной смерці на тэрыторыі былога лагера Асвенцым.

“Такія лагеры, як Асвенцым, былі пабудаваны для знішчэння яўрэйскага народа. Такі быў злачынны план Гітлера, план нацысцкіх немцаў знішчыць іх. Мы памінаем усіх тых, хто быў забіты падчас Халакосту, а таксама звыш 3 мільёнаў польскіх грамадзян, габрэйскай нацыянальнасці, якія былі забітыя падчас Другой сусветнай вайны”, — сказаў польскі прэзідэнт.

Сёння ж а 16 гадзіне ў музеі Асвенцыма пройдуць мерапрыемствы з удзелам амаль 50 дэлегацый з розных краін свету і міжнародных арганізацый.

Узначаліць цырымонію Анджэй Дуда. Прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньягу не будзе ўдзельнічаць у мерапрыемстве, нягледзячы на запэўніванні польскіх уладаў, што яго не арыштуюць на тэрыторыі краіны (ордэр МУС на яго арышт быў выдадзены ў сувязі з абвінавачваннямі ў ваенных злачынствах у сектары Газа).

Чакаецца, што былыя вязні Аўшвіца ўскладуць кветкі да Сцяны смерці лагеру падчас цырымоніі, у якой, як мяркуецца, возьмуць удзел прэзыдэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

На ўрачыстасці ў Асвенцым накіроўваецца Святлана Ціханоўская. Інфармацыі аб тым, хто будзе прадстаўляць улады Беларусі, няма.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Еўропа абавязаная шанаваць памяць ахвяраў Халакосту.

Беларускае Радыё Рацыя