Карына Куцко родам з аграгарадка Хадакі Івацэвіцкага раёна. У 2019‑м дзяўчына скончыла БНТУ і засталася ў Менску. Апошнім часам яна працавала ў філіяле будаўніча-мантажнага ўпраўлення №7 (СМУ-7) ААТ «Белсельэлектрасеткібуд» — буйной арганізацыі, што займаецца электрыфікацыяй.

Карына займала пасаду галоўнага спецыяліста па распрацоўцы каштарыснай дакументацыі, піша «Наша Ніва».
Акрамя асноўнай працы на дзяржпрадпрыемстве, Карына шукала сябе ў творчасці. Яна скончыла курсы па 3D-візуалізацыі і дызайне інтэр’ераў, вяла пра гэта блог у інстаграме і выкладвала свае працы на Behance.
Карыну асудзілі ў Менскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).






