BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

39-я ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС

Самая буйная ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа адбылася 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое, што станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку аварыі, асела на тэрыторыі Беларусі.

Ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы пацярпела каля 2 мільнаў жыхароў Беларусі, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. Тэрыторыя краіны на доўгі час стала зонай экалагічнага бедства. У зоне радыёактыўнага забруджвання знаходзіцца 2 371 населены пункт. Колькасць насельніцтва, якое пражывае ў забруджанай зоне, складае каля 1,1 мільёна чалавек (12% усяго насельніцтва краіны).

26 ліпеня 1989 года ў Менску прайшоў масавы мітынг з патрабаваннем стварэння следчай камісіі ў справе ўтойвання інфармацыі пра Чарнобыль.

30 верасня 1989 года ў Менску ўпершыню прайшоў “Чарнобыльскі шлях” – 30-тысячнае шэсце ад гадзіннікавага заводу да плошчы Леніна (цяпер – плошчы Незалежнасці).

5 красавіка 1990 года першы і адзіна больш менш дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь абвесціў 26 красавіка Днём Чарнобыльскай трагедыі.

Найбольш масавы “Чарнобыльскі шлях” – традыцыйная акцыя дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці – адбыўся 26 красавіка 1996 года. Тады на вуліцы Менску выйшла каля 50 тысяч людзей. У той дзень адбыліся жорсткія сутычкі дэманстрантаў з міліцыяй і спецназам. Шмат людзей было паранена, арыштавана больш за 200 чалавек, сярод іх – 7 украінцаў. 14 траўня таго ж года ў Менску прайшла 5-тысячная дэманстрацыя супраць трымання пад арыштам удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху”.

З дня адной з найбольш маштабных радыяцыйных катастрофаў у свеце прайшло 36 гадоў, аднак мала што змянілася. Маштаб катастрофы належна неацэнены дагэтуль.

Радыёнукліды цэзію і стронцыю распаліся напалову, але забруджаныя тэрыторыі і прадукты харчавання, якія на іх вырошчваюцца, будуць небяспечнымі яшчэ цягам наступных 250 гадоў. Таксічны плутоній-241 распаўся, але яго прадукт, амерыцый-241, застаецца небяспечным цягам дзясяткаў тысяч гадоў, перыяд паўраспаду іншых ізатопаў плутонію вымяраецца сотнямі тысяч гадоў.

Трансуранавыя чарнобыльскія элементы мігруюць па харчовых ланцужках і акумулююцца ў жывых арганізмах. Перыяд паўраспаду ёду-129, які падвяргае рызыцы здароўе шчытападобнай залозы, складае 16 мільёнаў гадоў!

Улада, якая страціла сваю легітымнасць, кажа пра наступствы Чарнобыля толькі ў кантэксце іх нібыта пераадолення. Чарнобыльскія ліквідатары амаль забытыя, закон „Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС” 1991 года, што забяспечвае лепшую абарону, адменены, і ўсё больш і больш забруджаных земляў уводзіцца ў сельскагаспадарчы ўжытак.