BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

4 гады таму сілавікі забілі Генадзя Шутава

Генадзь Шутаў

Адбылося гэта падчас мірных пратэстаў у Берасці. 11 жніўня ўвечары лукашэнкаўскія вайскоўцы пачалі зачыстку — сілавікі бегалі па дварах, хапалі і збівалі людзей, кідалі іх у зялёныя гарадскія аўтобусы. Менавіта тады і прагучалі два стрэлы: адна куля трапіла ў галаву Шутава.

Генадзь Шутаў — трэцяя афіцыйна прызнаная ахвяра пры задушэнні пратэстаў 9—12 жніўня.

Паводле міліцыі, увечары 11 жніўня Генадзь Шутаў разам з Аляксандрам Кардзюковым напаў на праваахоўнікаў у Берасці, адзін з якіх “баючыся за сваё жыццё, стрэліў нападніку ў плячо, але, паколькі той супраціўляўся, ненаўмысна параніў яго ў вобласць галавы”.

Дачка Шутава Наста расказала СМІ іншую версію: У бацьку стралялі са спіны ва ўпор, чалавек, які страляў, быў ззаду.

25 лютага 2021 года Берасцейскі абласны суд (суддзя — Святлана Крамянеўская) прызнаў вінаватымі Шутава ў супраціве з ужываннем гвалту, а Кардзюкова таксама і ў замаху на забойства. Забітаму Генадзю вынеслі абвінаваўчы прысуд без прызначэння пакарання, а Аляксандра асудзілі на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Праваабаронцы “Вясны” прыйшлі да высновы, што крымінальны пераслед Кардзюкова і Шутава мог мець на мэце дэманстратыўна жорсткае спыненне пратэстнай актыўнасці, апраўданне парушэння парадку нясення службы і прымянення зброі суб’ектамі сілавых ведамстваў. Аляксандр Кардзюкоў быў прызнаны палітвязнем.