BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Фрыдман: Расея не губляе надзеі вярнуць постсавецкія краіны пад свой ўплыў

У панядзелак Еўрапейскі Звяз заявіў, што галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах і рэферэндуме аб далучэнні Малдовы да блока было азмрочана “беспрэцэдэнтным расейскім умяшальніцтвам і запалохваннем”. Не адставаў і афіцыйны Менск: прапагандысты падлічвалі парушэнні на выбарчых участках, а Лукашэнка назваў сябе лідарам грамадскага даверу Малдовы. Па выніках, праеўрапейскі прэзідэнт Мая Санду набрала 42,45% і права на другі тур, а вось перавага ў бок далучэння да ЕЗ сталася мінімальнай.

Пра тое, у чым палягае інтарэс у Расеі і Менску па выніку выбару Малдовы; як мясцовы рэферэндум паўплывае на Грузію і Украіну; і агулам пра сітуацыю ў рэгіёне, мы пагутарылі з палітолагам Аляксандрам Фрыдманам:

РР: На вашую думку, чаму такая вялікая ўвага Расеі звернута да выбараў у Малдове, ды яшчэ і Беларусь да гэтага далучылася. Якія вынікі гэтых выбараў былі бы спрыяльныя для Расеі і Беларусі ў бягучай сітуацыі ў рэгіёне?

– Справа ў тым, што гэта стратэгічна важная дзяржава якая імкнецца ўступіць у ЕЗ, гэта першы момант. Другі момант, яна мяжуе з Украінай, там таксама ёсць важныя пытанні, ёсць гэтая гісторыя з Прыднястроўем, якая ўжо цягнецца на працягу дзесяцігоддзяў з расейскім гарнізонам там і фактычным расейскім кантролем. Стратэгічна гэта вельмі важная краіна, тым больш што Расея і Менск у пэўным сэнсе яшчэ не страцілі надзеяў вярнуць большасць постсавецкіх краінаў у зону расейскага ўплыву.

Гэта праект Расеі пераважна, а Менск тут адыгрывае дапаможную ролю. Таму і цікава з боку Расеі, таму і ўкладваюцца расейскія грошы, ёсць жаданне паўплываць. Ну а што тычыцца Менску, то тут і ў прапагандзе роля ўсёж-такі дапаможная.

Расея пэўных поспехаў дасягнула. Вось мы бачым рэферэндум: добра, урэшце рэшт перамагла еўрапейская плынь, але вынікі зусім няўпэўненыя, і адлюстроўваюць пэўны раскол у грамадстве Малдовы. Асабліва той чыннік, што большасць людзей якія жывуць на тэрыторыі Малдовы выказаліся супраць унясення гэтых паправак у Канстытуцыю. А калі паглядзець на некаторыя рэгіёны, дык там увогуле больш за 90%.

Так што ў гэтым сэнсе Расея можа быць задаволеная тым, што гэты рэферэндум адлюстраваў падзел у грамадстве ў Малдове, што паказвае, што шансы Расеі не страчаныя. Людзей якія арыентуюцца на Расею, якія прыязна ставяцца да сённяшняга расейскага рэжыму хапае і там. Зараз будзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Канешне ў першым туры Мая Санду перамагла, але такой ўжо ўпэўненай гэтую перамогу цяжка назваць, гэта зусім не тое, што прадказвалі сацыёлагі перад выбарамі.

Калі Санду ўсё ж такі і пераможа ў прэзідэнцкіх выбарах, то яе пазіцыі такімі моцнымі не будуць. Ну а калі пераможа яе апанент, то гэта канешне не значыць, што ён будзе праводзіць прарасейскую палітыку. Але тады праеўрапейскі, праўкраінскі вектар у палітыцы Малдовы не будзе ўжо такім моцным, тады гэта таксама будзе пэўным поспехам для Расеі. Што да Расеі, то хаця пакуль сваіх галоўных мэтаў яна не дасягнула, еўрапейскі рэферэндум не праваліла, Мая Санду па-ранейшаму мае шанец быць абранай, але ўсё ж такі пэўныя поспехі ў Расеі таксама ёсць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:


З “Госцем Рацыі” – палітолагам Аляксандрам Фрыдманам, камунікавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя