Фонд BySol працягае збор на дапамогу беларускай паэтцы і тэлевядучай Валярыне Куставай і яе бацькам. А 19 лістапада ў Варшаве адбудзецца сустрэча жанчын-прадпрымальніц, сродкі ад якой таксама пойдуць на падтрымку дзеячкі.

Пра збор і ўвагу да яго Валярына распавяла нашаму радыё.
РР: Чаму Вы вырашылі зрабіць гэты збор на Bysol?
– Шчыра кажучы, мяне прымусілі сябры гэта зрабіць, таму што мне здаецца, што сама я б не вырашылася. Для мяне гэта было і эмацыйна і маральна вельмі складана. Напэўна, калі сітуацыя ўжо не мела асаблівага выйсця, тады адзін з калегаў сказаў, што давай я табе дапамагу скласці тэкст, ты мне апішаш сітуацыю, а я напішу ўжо як мае быць тэкст на гэты збор, і звернешся. Я згадзілася, для мяне гэта новы досвед, таму што да гэтага я ўвесь час героям сваёй праграмы, людзям якія да мяне звярталіся па дапамогу сама складала такія тэксты. Аказалася, што іншым дапамагчы нашмат прасцей чым сябе.
– Для мяне гэты збор – гэта, бадай, такая база і матывацыя, каб рухацца далей, каб дапамагаць, і, стаўшы на ногі, проста падтрымліваць далей беларусаў, і як ўсё жыццё да гэтага папулярызаваць нашу культуру і нашу салідарнасць.
РР: Якая ў Вас была першая рэакцыя, калі гэты збор быў апублікаваны? Наколькі яно супала з тым, што Вы чакалі і з тым, як яно ёсць у рэчаіснасці цяпер?
– Асабліва ніякай рэакцыі не было. Добра, што апублікавалі, таму што зараз вельмі шмат людзей звяртаецца па падтрымку, была чарга. Таму гэты збор чакаў сваёй чаргі. Мне хутчэй было важна зразумець, наколькі людзі былі гатовыя падтрымаць беларусаў вось у такой няпростай сітуацыі. Таму я хутчэй уражваюся нейкім пазітыўным прапановам па падтрымцы. Тады я цешуся і бачу, што беларуская салідарнасць працуе, у якую я веру, што гэты кругазварот дабрыні ў беларускай прыродзе працуе.
– Але трэба таксама прызнаць, што з аднаго боку ёсць пазітыўныя рэакцыі, што адразу так, што трэба падтрымаць, але і шмат хейту таксама з іншага боку, нечаканага. Хутчэй гэта з іншага боку мяне ўразіла. Непрыемна.
РР: Гэты хейт ідзе ад Вашых знаёмых ці выпадковых людзей?
– Людзей, якіх я збольшага не ведаю, і ніколі не ведала. Я нават не ведаю, ці гэта сапраўдныя людзі, ці гэта боты. Кажуць, што сапраўдныя, якія хутчэй ніколі не існавалі ў маім жыцці, але ў сітуацыі, калі маім родным раптам спатрэбілася падтрымка, яны з’явіліся і гэты хейт вылілі. Цяпер мяне можна нават павіншаваць з тым, што ў мяне з’явіліся асабістыя хейтэры. Да гэтага не было такога.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Цяпер адкрытая рэгістрацыя на сустрэчу беларускіх прадпрымальніц
Дапамагчы Валярыне можна на платформе BySol
а таксама праз прыватныя рахункі
З Валярынай Куставай гутарыла нашая карэспандэнтка Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя






