BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка ўвесь час хоча “перагарнуць старонку” 2020 году

Сённяшні госць «Рацыі» — палітычны аналітык агентства “Позірк” Аляксандр Класкоўскі.

Гутарым з ім пра тое, якіх падзей у Беларусі чакаць перад выбарамі, колькі прозвішчаў у выніку будзе ў бюлетэні і якую лічбу гэтым разам намалюе яму Цэнтрвыбаркам.

– Сапраўды, гэтая мітусня з падачай дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў, яна выглядае трохі дзіўна і недарэчна. Таму што для незалежных назіральнікаў, для апанентаў рэжыму, ды і для прыхільнікаў рэжыму усё ўжо загадзя зразумела. Пераможца ўжо бачны, і тут ужо сумневаў няма, што гэта чыста тэхнічная працэдура для Лукашэнкі, каб праштампаваць сабе новы тэрмін. Але ж імітацыя мусіць быць. Нават жорсткія і аўтарытарныя ці таталітарныя рэжымы вытрымліваюць гэты рытуал, паказваюць тым самым сваю моц, упэўненасць.

Гэта яшчэ і трэнінг для ўсіх лукашэнкаўскіх структур. Невыпадкова ён збірае нарады, кажа што нельга расслабляцца. Гэта такі перыяд, калі і сілавікі рады таксама выслужыцца. Так што ўся гэтая машына прыведзена ў дзеянне, і я думаю, што гэтая вялікая колькасць прэтэндэнтаў – гэта намер паказаць, што нібыта ёсць у грамадстве высокая цікавасць да гэтай кампаніі, і што людзі не баяцца ўступіць у канкурэнцыю з дзейным афіцыйным лідарам. Гэта ўсё антураж для таго, каб паказаць, што нібыта нейкі працэс ідзе.

РР: Як Вы лічыце, якую колькасць гэтых людзей у выніку дапусцяць непасрэдна да галасавання?

– Я думаю, што ў выніку ў бюлетэнях будзе напэўна тры ці чатыры прозвішчы. Натуральна сам Лукашэнка, і два-тры спарынг-партнёры. Іх нават спойлерамі цяпер нельга называць, хаця па інерцыі гэтая тэрміналогія ўжываецца. Спойлеры аднак у чыста такім паліталагічным плане – гэта такія штучныя кандыдаты, якія адрываюць галасы ад рэальных сапернікаў, нейкага лідара ці правадыра.

Да 2020 году апазіцыя, хай яе і трымалі ў жорсткіх рамах, усё ж хаця магла фармальна ўдзельнічаць у выбарах. Натуральна яе дыскрымінавалі, ставілі падножкі, але ўсёж-такі на кожных выбарах былі сапраўды апазіцыйныя кандыдаты. І Ганчарык у 2001, і Мілінкевіч у 2006, цэлы веер кандыдатаў быў у 2010. У 2015 была Таццяна Караткевіч, хоць частка апазіцыі яе крытыкавала, але тым не меней гэта была хаця б нейкая умоўная альтэрнатыва. Цяпер толькі праўладныя персоны тут. Але ўсё адно трэба нейкую болю працэнта галасоў прыпісваць і ім. Гэта значыць адшчыпваць ад паказчыка правадыра.

А Лукашэнка канешне хацеў бы перагарнуць старонку, як ён неаднойчы казаў. У тым плане, што закрыць тэму 2020 году, паказаць пераканаўчы вынік не мене за 80%, як у яго заўсёды было. Цяпер аналітыкі спрачаюцца, ці захоча ён пераплюнуць Пуціна, у якога ў сакавіку было аж пад 90%. Напэўна не наважыцца, я думаю 80-85% яму напішуць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Аляксандр Класкоўскі лічыць, што ў бліжэйшы час у Беларусі варта чакаць адначасова ўзмацнення рэпрэсій і разам з тым дадатковых спробаў рэжыму дагадзіць электарату — падвышэнне пенсій і заробку бюджэтнікаў і гэтак далей.

Беларускае Радыё Рацыя