BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

50 гадоў з дня нараджэння Юрыя Блінова

Беларускі піяніст, грамадскі актывіст, адзін з заснавальнікаў футбольнага клубу “Крумкачы” Юрый Бліноў нарадзіўся 3 жніўня 1975 года ў Драгічыне (Брэсцкая вобласць). Спачатку вучыўся ў Менскай музычнай школе № 145, з 1983 года – у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе для адораных дзяцей пры Белдзяржфілармоніі. Скончыў Рэспубліканскі музычны ліцэй, Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру ў класе Людмілы Шаламенцавай.

Калі вучыўся ў школе, Юрый ужо асвойваў фартэпіяна і дасягаў пэўных поспехаў на розных юнацкіх конкурсах. У 17 гадоў ён перамог ў I Міжнародным конкурсе імя Сяргея Пракоф’ева ў Пецярбургу, якая дала пэўны штуршок у развіцці кар’еры Юрыя. Ён гастраляваў у многіх краінах Еўропы, а таксама ў Кітаі, Японіі і ЗША, удзельнічаў у розных міжнародных фестывалях і выступаў з вядомымі аркестрамі Расіі, Еўропы і Амерыкі.

З 2000 года працягнуў кар’еру ў ЗША: праходзіў стажыроўку ў Тэхаскім хрысціянскім універсітэце, атрымаў ступень доктара музычных мастацтваў у Істменаўскай школе музыкі. У ЗША пераехаў пасля таго, як прафесар музыкі з Тэхаскага універсітэта Тамаш Унгар заўважыў яго талент у канцы 1999 года на конкурсе ў Пекіне і прапанаваў стажыроўку ў яго ўніверсітэце. Праз 10 гадоў вярнуўся на радзіму праз фінансавы крызіс: было цяжка знайсці працу з годным роўнем аплаты. За гэтыя гады ён стаў лаўрэатам розных буйных конкурсаў, уключаючы першыя прэміі Гран-пры Шапэна ў Тэхасе і Усеамерыканскага конкурсу піяністаў. У 2002 годзе быў запрошаны ў алімпійскі Солт-Лэйк-Сіці, дзе граў канцэрт у рэзідэнцыі губернатара штата Юта. У 2006 годзе Юрый стаў першым беларускім піяністам, які выступіў з сольным канцэртам у адной з залаў Карнегі-хола.

У 2008-2019 гадах Юрый Бліноў быў прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі піяністаў і кампазітараў (ISAC). У родным Драгічыне арганізаваў Міжнародны конкурс юных музыкантаў «Палескі агеньчык», які праводзіцца ў горадзе з 2014 года.

З дзяцінства Юрый быў футбольным фанатам, а таксама марафонцам. Пасля з’яўлення футбольнай каманды «Крумкачы» стаў актыўным удзельнікам фанацкага руху гэтага клуба. Вясной 2018 года, калі каманда па шэрагу прычын не змагла заявіцца ў вышэйшую лігу, Юрый стаў адным з сузаснавальнікаў зноў створанага клуба «Крумкачы». У камандзе ён выконваў адміністрацыйна-назіральныя функцыі: уваходзіў у лік тых, хто вызначаў стратэгію развіцця клуба і шукаў спонсараў.

Напісаў больш за 30 сольных праграм, якія ахопліваюць усе стылі фартэпіяннай музыкі, а таксама 35 канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам. Некалькі твораў Юрыя Блінова прысвечаны спорту: «Дэкатлон» ― дзесяціборцу Андрэю Краўчанку, «Запрашэнне ў палёт» ― футбольнай камандзе «Крумкачы», «Concerto-Krooso» ― футбалісту Тоні Кросу. Апошняя складаецца з пяці частак, кожная з якіх мае канкрэтную назву і звязана з біяграфіяй футбаліста. Піяніст запрашаў Тоні ў Беларусь на канцэрт, аднак праз канфлікт з федэрацыяй футболу РБ – апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні АБФФ адхіліў пратэст футбольнага клуба «Крумкачы» з нагоды прыняцця дакументаў на атрыманне дазволу для ўдзелу каманды ў чэмпіянаце Беларусі – на знак пратэсту змяніў свае планы.

21 красавіка 2019 года падчас «Эка-марафону» ў Гомелі за пяць метраў да фінішу паўмарафонскай дыстанцыі ў піяніста спынілася сэрца. Развітанне праходзіла ў Свята-Елісавецінскім манастыры ў Мінску. Пахаваны Юрый Бліноў ў Менску на Чыжоўскіх могілках.

Беларускае Радыё Рацыя