Днямі адбылася важная падзея ў беларускім навуковым асяроддзі — былі падведзены вынікі першай народнай навуковай прэміі “Бізон Гіґс 2024”. У адкрытым галасаванні, што праходзіла з удзелам супольнасці Pamyłka, пераможцам стаў Максім Домніч, вядомы беларускі навуковец у галіне анкалогіі. Ён атрымае прыз за свае ўнікальныя даследаванні ў галіне нейтрафілаў, якія могуць стаць асновай для новых метадаў лячэння ракавых захворванняў.

Пра астатніх пераможцаў, важнасць прэміі для беларускай навукі, а таксама пра планы на будучыню, нам раскажа сённяшні Госць Рацыі – арганізатар прэміі і прадстаўнік супольнасці Pamyłka Міхаіл Волчак.
– Мы пачалі «Бізон Гікс» напрыканцы лістапада. У снежні прайшло намінаванне і збор сродкаў. Сабралі фонд, атрымалі сем заявак. У выніку ў нас шэсць намінантаў. У студзені—лютым ішло галасаванне.
– Галасаваць мог кожны, хто пераходзіў па спасылцы. Там была форма, дзе трэба было выбраць трох з шасці найбольш сімпатычных навукоўцаў і пакінуць ім пажаданні. У выніку сабралі 80 галасоў.
1-е месца — Максім Домніч (медыцына, анкалогія). Даследуе клеткі, якія ўплываюць на развіццё ракавых пухлін, што, у сваю чаргу, дае магчымасць шукаць новыя метады лячэння.
2-е месца — Зміцер Ферага (фармацэўтыка, квантавая хімія). Даследуе крышталічныя структуры малекул на мікраўзроўні, што дапамагае глыбей разумець будову бялку.
3-е месца — Юлія Сандамірская (штучны інтэлект, робататэхніка). Працуюць над тэхналогіямі распазнавання аб’ектаў.
– Розніца паміж месцамі невялікая — літаральна 5–6 галасоў. Мы не чакалі такой актыўнасці, але вынікі нас уразілі.
– У агульнай складанасці ў галасаванні, зборы фонду і намінаванні паўдзельнічалі больш за 150 чалавек. Гэта вельмі добры вынік ва ўмовах, у якіх мы працуем.
– Асобна адзначым пажаданні навукоўцам. Мы сабралі больш за 120 цёплых паведамленняў. Цяпер рыхтуем іх да рассылкі — камусьці ў друкаваным выглядзе, камусьці ў электронным. Гэта сапраўды натхняе! Калі чыталі пажаданні ў мінулыя выходныя, яны вельмі нас уразілі — спадзяёмся, што і для навукоўцаў гэта стане добрым стымулам.
РР: Так, тэматыка пераможцаў вельмі паказальная: анкалогія, фармацэўтыка, штучны інтэлект — сферы, якія асабліва актуальныя. Наколькі, на ваш погляд, для намінантаў важна было атрымаць гэту ўзнагароду, асабліва ў сітуацыі, калі многія з іх знаходзяцца за межамі Беларусі і вымушаны працаваць там?
– У Беларусі з пачатку 2000-х на ўніверсітэцкім узроўні распрацоўваюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту. Вядома, гэта не было маштабным, але ўсё ж такі існавала. Я, напрыклад, скончыў Радыётэхнічны ўніверсітэт са спецыялізацыяй «Штучны інтэлект». Думаю, Юлія Сандамірская таксама пачынала свой шлях у Беларусі.
– Складанасць у тым, што далейшае развіццё гэтай сферы ў Беларусі абмежавана. Большасць навукоўцаў ужо не ў краіне. Але ў нас ёсць групавыя намінацыі — напрыклад, Павел Урбановіч і Аляксандр Пінчанкоў, якія працуюць у сферы тэлекамунікацыйных тэхналогій.
– Навука — гэта заўсёды развіццё, дынаміка, пошук новых рашэнняў. І ў свабодным грамадстве магчымасцяў для гэтага значна больш.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
З “Госцем Рацыі”, прадстаўніком Cупольнасці Pamyłka Міхаілам Волчакам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя






