
Беларускі грамадска-палітычны дзеяч з Ваўкавыску Мікалай Аксаміт нарадзіўся 18 траўня 1954 года ў Ваўкавыску. Скончыў мастацкае вучылішча імя Глебава, пасля чаго непрацяглы час – адзін год – працаваў у школе настаўнікам. Потым працаваў мастаком афарміцелем на Ваўкавыскім мясакамбінаце. Мікалай Аксаміт скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1990 годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання ад Ваўкавыскай гарадской выбарчай акругі № 248. Быў сябрам парламенцкай апазіцыі БНФ і Камісіі Вярхоўнага Савету па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.
У красавіку 1995 года ўдзельнічаў у галадоўцы пратэсту супраць правядзення незаконнага рэферэндуму, сярод пытанняў якога была змена дзяржаўнай сімволікі і наданне расейскай мове статусу дзяржаўнай. У ноч з 11-га на 12-га красавіка 1995 года дзявятнаццаць дэпутатаў Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання абвясцілі галадоўку. У тую ноч людзі ў масках і камуфляжнай форме на загад Лукашэнкі жорстка збілі дэпутатаў, праігнараваўшы іх недатыкальны статус, і выкінулі на вуліцу. Хроніку той змрочнай ночы падрабязна апісаў удзельнік апазіцыйнай фракцыі БНФ таго часу Сяргей Навумчык. Толькі пасля тых падзеяў, якія мелі трагічны характар дзяржаўнага перавароту, іншыя дэпутаты 13 красавіка прынялі з парушэннем працэдуры пастанову аб правядзенні антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму. Пасля таго як у Вярхоўны савет увялі збройных сілавікоў, фактычна парламент у Беларусі перастаў існаваць. З тых дэпутатаў, якія баранілі законнасць і гонар беларускай палітычнай эліты некаторых ужо няма ў жывых – Ігара Гермянчука, Барыса Гюнтэра, Алеся Шута, Лявона Дзейкі, Мікалая Аксаміта…
Мікалай Аксаміт працаваў юрыстам у Ваўкавыскім грамадскім праваабарончым цэнтры «Аслона». Быў пазбаўлены ўладамі ўсялякай працы. Афіцыйна лічыўся беспрацоўным, але на працу нідзе не бралі, потым з’ехаў у Польшчу працаваць на будоўлі, хоць меў дзве вышэйшыя адукацыі (мастацкая акадэмія – мастацтвазнаўца і інстытут правазнаўства). Потым выязджаў і працаваў у Расеі на будоўлі, што істотна адбілася на здароўі. У 2004 годзе зноў актыўна ўключыўся ў палітыку, быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Пасля той выбарчай кампаніі два тыдні трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Апошнія гады Аксаміт як мастак пісаў карціны, дзе адлюстроўваў сваю любімую Беларусь. Неаднаразова браў удзел у Дні памяці паўстаўцаў 1863 года, які што год праходзіў у Свіслачы і Якушоўцы, прыязджаў туды з іншымі ваўкавыскімі грамадскімі актывістамі. За сваю беларускую адраджэнцкую дзейнасць быў узнагароджаны медалём “100 год БНР”. Быў бескампрамісным і на рэдкасць прынцыповым чалавекам, які заўсёды выступаў за праўду і справядлівасць.
Памёр Мікалай Аксаміт 28 студзеня 2024 года пасля планавай аперацыі. Аперацыя прайшла нібыта ўдала, але неўзабаве пайшлі ўскладненні фізічнага стану, пачаўся трамбоз, лекары з дапамогай запазніліся. Мікалай Аксаміт зусім няшмат не дажыў да сваіх 70-ых угодкаў. Пахаваны ў Ваўкавыску.
Беларускае Радыё Рацыя






