
Беларускі грамадска-палітычны актывіст, мастак, калекцыянер, краязнавец, выдавец Уладзімір Базан нарадзіўся 7 красавіка 1956 года ў Менску. Паходзіў з сялянскай сям’і. Базан – сапраўдная постаць беларускага адраджэння, чалавек, які стаў крыніцай шматлікіх незалежніцкіх спраў. Менавіта ён удзельнічаў у стварэньні першых незалежных арганізацый Берасця, свабоднага друку, беларускамоўных клясаў у школах і ўвогуле, здаецца, у 80–90-х не было такой карыснай і важнай справы ў горадзе над Бугам, да якой ён бы не спрычыніўся.
Уладзімір Базан скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Атрымаў адукацыю мастака-жывапісца і педагога. Па размеркаванні прыехаў на працу ў Берасце, дзе жыў да сваёй заўчаснай смерці. Як мастак выканаў на Берасцейшчыне шэраг манументальна-дэкаратыўных прац у тэхніцы мазаікі, роспісу, сграфіта і іншых, тэма якіх – адраджэнне нацыянальна-гістарычнай спадчыны беларускага народа. Да ўсіх сваіх спраў Уладзімер Базан падыходзіў як сапраўдны мастак. Ягоныя працы ў тэхніцы сграфіта дагэтуль упрыгожваюць будынкі Берасця.
Калі ў Беларусі пачаўся адраджэнскі рух, яшчэ падчас вучобы ў Менску належаў да беларускіх моладзевых суполак, у Берасці адным з першых уступіў у мясцовую грамадска-культурную сябрыну «Край», якая ў канцы 1980-х праводзіла актыўную нацыянальна-асветніцкую дзейнасць у горадзе.
Уладзімір Базан быў удзельнікам Устаноўчага З’езду БНФ «Адраджэньне» у Вільні, прадстаўляючы Берасце, стаў адным з стваральнікаў структур БНФ у Берасці і вобласці. Ад 1991 да 1997 гадоў (да моманту сваёй смерці) быў нязменным старшынём Берасцейскай абласной Рады БНФ і сябрам Сойма БНФ. Балатаваўся на выбарах у парламант Беларусі і мясцовыя органы ўлады. Актыўна ўдзельнічаў у розных пікетах і мітынгах.
У 1989 разам з аднадумцамі наладзіў выпуск (тады яшчэ паўлегальна) незалежнай беларускай газеты «Шлях» Берасцейшчыны. Пасля яе афіцыйнай рэгістрацыі з’яўляўся выдаўцом (дырэктарам) выдавецтва «Шлях». Быў вядомым у Беларусі калекцыянерам, спецыялістам па бонах і краязнаўцам, намаганнямі якога быў прыняты цяперашні герб Берасця. Вельмі любіў фота і архівы, наогул у яго былі вельмі багатыя архівы. Бо сам ён быў калекцыянер, вядомы па ўсёй Беларусі, ягоная калекцыя бонаў знакамітая і, можа, нават найлепшая ў Беларусі. Шэраг яго навуковых публікацый па дапаможных гістарычных дысцыплінах – па баністыцы змешчаны ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (у 6-ці тамах).
Як грамадска-актыўны чалавек стаў заснавальнікам шэрагу беларускіх грамадскіх арганізацый: ГА «Стары горад» у Берасці, Рэспубліканскі Фонд падтрымкі дэмакратычных рэформ імя Льва Сапегі» (быў на ўстаноўчай канферэнцыі гэтай грамадскай арганізацыі і сярод стваральнікаў брэсцкай філіі), творчай суполкі мастакоў “Паноня” і іншых структураў. Уладзімір Базан стаў заснавальнікам грэка-каталіцкай парафіі ў Берасці, спрычыніўся да выпуску ў Берасці грэка-каталіцкай газеты «Царква». Два гады па вечарах выкладаў гісторыю беларускага мастацтва навучэнцам філіі коласаўскага ліцэю ў Берасці.
Базан раптоўна захварэў адразу пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года і заўчасна памёр у Берасці ў веку толькі 40 гадоў 3 сакавіка 1997 года. Пахаваны на радзіме продкаў на гістарычнай Случчыне у вёсцы Вярхуціна (Старадарожскі раён).






