
Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА) — грамадская арганізацыя прадстаўнікоў беларускай эміграцыі і творчай інтэлігенцыі ў ЗША, заснаваная ў 1949 годзе ў Нью-Ёрку. На сенняшні дзень Беларуска-амерыканскае задзіночанне ёсць найбуйнейшай і самай старой беларускай арганізацыяй у ЗША. Першы падрыхтоўчы сход адбыўся ў чэрвені 1949 года ў Брукліне, а 31 ліпеня ў Манхэтэне ў іспанскай частцы Гарлему на 100-Іст вуліцы адбыўся арганізацыйны сход, на якім было створана Беларуска-амерыканскае задзіночанне. Закладальнікамі БАЗА былі Мікола Гарошка, Мікола Дарашэвіч, Уладзімір Машанскі, Янка Станкевіч, Янка Ніхаёнак, Аляксандр Орса і Міхась Тулейка. У 1950 годзе арганізацыя атрымала афіцыйнае прызнанне з боку амерыканскіх уладаў.
Сябрамі арганізацыі могуць быць асобы беларускага паходжання, выхадцы з Беларусі ў яе этнаграфічных межах, ці асобы, звязаныя сваяцтвам альбо дзейнасцю з Беларуссю, без розніцы прыналежнасці, пачынаючы з 18 гадоў. Сябры БАЗА бяруць удзел у сустрэчах і мерапрыемствах арганізацыі, плацяць сяброўскія складкі і атрымліваць газету «Беларус».
Беларуска-амерыканскае задзіночанне ажыццяўляе наступныя функцыі: абараняе традыцыйныя каштоўнасці Беларусі, спрыяе дэмакратычнаму развіццю і абароне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь; інфармуе амерыканскае грамадства і кіраўніцтва ЗША пра гісторыю і культуру беларусаў, а таксама асвятляе стан спраў у сучаснай Рэспубліцы Беларусь; спрыяе захаванню і развіццю беларускай культуры і гісторыі; спрыяе ўнёску беларусаў у амерыканскае грамадства; забяспечвае падтрымку сябрам арганізацыі; ажыццяўляе кантроль і робіць свой уклад у выданне кніг і перыядычных выданняў па беларускіх пытаннях.
Арганізацыйна Беларуска-амерыканскае задзіночанне падзяляецца на 2 роўні: штаб-кватэра ў Нью-Ёрку і 7 аддзелаў (у Нью-Джэрсі, Агаё, Брукліне, Вашынгтане, Канектыкуце, Паўднёвай Каліфорніі і Паўднёвай Флорыдзе). На роўні краіны кіраўніцтва дзейнасцю БАЗА канцэнтруецца ў Галоўнай управе з штаб-кватэрай. Галоўная управа вызначае палітыку арганізацыі, а таксама ажыццяўляе нагляд за аддзеламі. Кожны рэгіянальны аддзел выбірае свайго старшыню і сваю мясцовую ўправу, якая звычайна складаецца з заступніка старшыні, сакратара і скарбніка. Там, дзе няма дастатковай колькасці сяброў для заснавання аддзела, можа быць створаны гурток, найменшае структурнае падраздзяленне БАЗА. Старшыня і мясцовая ўправа непасрэдна кіруюць дзейнасцю аддзела ці гуртка.
Афіцыйным выданнем Беларуска-амерыканскага задзіночання ёсць газета “Беларус”. 20 верасня 1950 года ў Нью-Ёрку выйшаў першы нумар газеты. Газета прысвечана справе нацыянальнага адраджэння і адраджэння незалежнасці Беларусі і друкуе матэрыялы з жыцця беларускай эміграцыі, аналітычныя карэспандэнцыі пра становішча на Беларусі, нарысы па беларускай гісторыі, творы беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, успаміны.
Старшынямі Галоўнай управы БАЗА ад пачатку заснавання і да сёння былі Мікола Гарошка (1949—1952), Францішак Кушаль (1952—1954), Міхась Тулейка (1954—1957), Мікола Кунцэвіч (1957—1959), Кастусь Мерляк (1959—1963), Станіслаў Станкевіч (1963—1965), Мікола Гарошка (1965—1967), Уладзімір Курыла (1967—1969), Вячаслаў Станкевіч (1969—1971), Расціслаў Гарошка (1971—1975), Антон Шукелойць (1975—2007), Вячаслаў Станкевіч (2007—2011), Ганна Сурмач (2011—2017), Наталля Федарэнка (з 2017).






