Былому актывісту і сябру зліквідаванай партыі БСДП (Г) Анатолю Прышчыку з Мікашэвіч і яго жонцы вярнулі забраныя год таму тэлефоны.

Яны апынуліся ў Менскім следчым камітэце. Чаму забіралі год таму міліцыянты з Мікашэвіч тэлефоны ў старых хворых людзей, чаму тэлефоны апынуліся ў Менскім следчым камітэце, ніхто не паведаміў і не папрасіў прабачэння.
Адсутнасць тэлефонаў выклікала ў бацькоў шмат нязручнасцяў, найперш у сувязі з намі, дзецьмі, – кажа іх сын Віталь:
– Навошта было трымаць тэлефон год. Бацька звяртаўся то ў КДБ, то ў МВД па тэлефоны. Яму адказвалі, што гэтых тэлефонаў у іх няма. А вось патэлефанавалі са Следчага камітэта, аказалася, што гэтыя тэлефоны былі цэлы год у іх. Канешне, маім бацькам было цяжка без тэлефонаў. За гэты год сувязь была вельмі кепская.
Паводле Віталя, нельга зразумець праявы такой пільнасці да 75-гадовага на той час інваліда, хворага на рак лёгкіх, і яго 72-гадовай жонкі.
Беларускае Радыё Рацыя






