На платформе «Байсол» з’явілася паведамленне пра збор на карысць нядаўна вызваленай Паліны Шарэнды-Панасюк.

Учора, 6 лютага, Паліна з’ехала з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў бяспецы, разам з мужам і дзецьмі.
Аднак, пасля больш чым чатырох гадоў пазбаўлення волі Паліне патрэбна падтрымка для аднаўлення – як фізічнага, так і эмацыйнага. Таму па просьбе сям’і быў адкрыты збор на BYSOL.
«Зараз Паліна прывыкае да свабоды, але наперадзе яшчэ доўгі шлях аднаўлення – і ёй патрэбна наша дапамога. Пасля чатырох гадоў за кратамі важна проста прыйсці ў сябе, аднавіць здароўе і пачаць жыць нанова».
Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Берасця. Яе затрымалі 3 студзеня 2021 года, а 9 чэрвеня таго самага года асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе абвінавачвалі па арт. 364 КК РБ (гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі), а таксама па артыкулах аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ).
Падчас зняволення жанчыну некалькі разоў змяшчалі ў карцэр, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск. Галоўнае ж — што яе не выпускалі нават пасля заканчэння тэрміну зняволення, два разы арганізаваўшы новыя прысуды, якімі дадавалася новыя тэрміны.