BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Абсурдныя законы і затрыманні ў квір-супольнасці

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца і прымаюць розныя формы. Адвольныя затрыманні і здзекі датычацца ў тым ліку і ўразлівых груп насельніцтва.

Пра новыя абсурдныя законы і затрыманні ў квір-супольнасці з гендарнай даследчыцай Ірынай Сідорскай размаўляе наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Хочацца пачаць вось якраз з апошніх затрыманняў сярод прадстаўнікоў ЛГБТ супольнасці, сярод трансперсонаў. Гэтыя затрыманні звязаныя з новым законам аб парнаграфіі, які ўжо прыняты і набывае моц ці гэта чарговы віток рэпрэсій? А прыходзяць насамрэч за ўсімі.

Ірына Сідорская: Я спачатку хацела б удакладніць інфармацыю. Усё ж такі закона аб парнаграфіі ў Беларусі не прымалі. Гаворка, напэўна, ідзе пра пастанову Міністэрства культуры. Вось яна была прынятая ў сакавіку гэтага года, і там менавіта было пра распаўсюд эратычнай прадукцыі, а значыць эратычную прадукцыю трэба адрозніваць ад парнаграфіі. І вось там было вызначэнне парнаграфіі як у тым ліку нетрадыцыйных палавых адносін, палавых паводзінаў. Вось, напэўна, гэта маецца на ўвазе.

Гэта, зразумела, лухта, па-іншаму гэта назваць нават немагчыма. Таму што як гэта, напрыклад, гомасексуальныя або бісексуальныя стасункі могуць быць нетрадыцыйнымі, калі яны існуюць столькі, колькі існуюць людзі. І, напрыклад, тая ж самая старажытная Грэцыя дала шмат прыкладаў вось такіх гомасексуальных, бісексуальных адносінаў паміж людзьмі і ў творах мастацтва, і ў філасофскіх трактатах, і г.д. Таму гаварыць пра тое, што гэта нетрадыцыйныя адносіны, відавочнае глупства. Але ж там яшчэ гомасексуальныя і бісексуальныя адносіны пастаўленыя праз коску з педафіліяй, зоафіліяй, некрафіліяй, садызмам і гэтак далей. Але ж якое яны далі азначэнне і педафіліі – гэта значыць палавыя стасункі паміж асобамі хаця б адна з якіх не дасягнула ўзросту 18 гадоў. А ў Беларусі ўзрост сексуальнай згоды 16 гадоў. Таму вось тут недарэчнасць на недарэчнасці, аднак, на жаль, гэтая пастанова дзейнічае. Мне здаецца, што яна з красавіка гэтага года дзейнічае, але яна датычыць усё ж такі больш такога камерцыйнага і масавага распаўсюду эратычнай прадукцыі.

Але, калі вяртацца да апошніх затрыманняў квір-супольнсці, то я думаю, што тут улада пераследуе некалькі мэтаў. Па-першае, у чарговы раз падвысіць узровень страху ў грамадстве, яшчэ раз запалохаць людзей, бо мы жывём у інфармацыйным грамадстве, мы ведаем, што адбываецца. І, канешне, калі затрымліваюць кожную новую асобу, узровень страху ўзрастае, і людзі баяцца выказваць свае думкі, тым больш баяцца сказаць штосьці супраць той палітыкі, якая прасоўвае дзяржава. І гэта перш за ўсё, каб запалохаць.

Другое, я думаю, што гэта, каб у чарговы раз падзяліць на правільных і неправільных беларусаў. І тут з пункту гледжання вось прыкметы па гендарнай або сексуальнай арыентацыі. А для чаго падзяліць беларусаў? Каб знішчыць вось гэтую салідарнасць, узаемадапамогу, гарызантальныя сувязі, бо людзі зараз давяраюць адзін аднаму і іншым людзям увогуле. А дзяржаве гэта непатрэбна. І ўсё гэта, каб адцягнуць увагу грамадства аб рэальных праблемаў, бо на самой справе ў нас вельмі шмат такіх актуальных рэальных праблемаў.

Спадарыня Ірына падкрэслівае – кажучы па “традыцыйныя каштоўнасці” ўлады Беларусі і Расеі маніпулююць грамадскай думкай. І самі такім чынам ствараюць глебу для распальвання варажнечы і нянавісці.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Ірыны Сідорскай