Сёння – 3 гады з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Як адчуваюць сябе цяпер былыя беларускія добраахвотнікі, якія абаранялі краіну? Як перажываюць той досвед?

Пра гэта і не толькі Госць Рацыі – экс-ваяр “Батальёну Кастуся Каліноўскага” Дзяніс распавёў нашаму радыё.
РР: Як гэта было быць ваяром? Што ты цяпер адчуваеш? Якія ў цябе думкі?
– Ну, па-першае, думаю пра тое, што Украіна ўсё ж пераможа. Гэтая думка не пакідае мяне. Пастаянна задумваюся, як і чым магу дапамагчы Украіне ў дадзенай сітуацыі, у дадзены момант. І, канешне, хочацца, каб гэтая вайна як мага хутчэй скончылася.
РР: Ці сочыш ты цяпер за тым, як змяняецца лінія фронту? Што адчуваеш?
– На дадзеным этапе я стараюся крыху адыходзіць ад украінскай павесткі. Калі ў першыя месяцы я літаральна не выходзіў з тэлеграм-каналаў, штодзённа чытаў навіны, глядзеў відэа з украінскімі палітыкамі і сачыў за лініяй фронту, то цяпер стараюся крыху абстрагавацца. Але ўсё роўна чытаю навіны і сачу за падзеямі ва Украіне.
РР: У свой час, калі вайна толькі пачалася, ты вярнуўся ва Украіну і быў дабрахвотнікам. Чаму гэта было так важна для цябе?
– Мне здавалася, што я нешта вінны Украіне. Пасля таго, як я збег з Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, Украіна мяне прыняла. Тут я знайшоў добрую працу, новых знаёмых, сяброў, многія з якіх цяпер на фронце. На жаль, нехта ўжо загінуў. Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, я не мог пазбавіцца думкі, што павінен аддаць Украіне хоць нешта за тое, што яна мяне калісьці прытула.
РР: Ты вярнуўся ў Польшчу ў чэрвені 2022 года. Прайшло ўжо нямала часу. Як ты сябе цяпер адчуваеш? Ці сутыкнуўся ты з ПТСР?
– Цяжка сказаць. Магчыма, так, магчыма, не. У першы час пасля вяртання я вельмі рэзка рэагаваў на гукі самалётаў, верталётаў. Быў напружаны, але нейкіх сур’ёзных зменаў у сваёй псіхіцы я не заўважыў.
РР: Калі ты глядзіш на тых, хто вяртаецца з украінскіх тэрыторый, у тым ліку дабрахвотнікаў, ці бачна, што іх свядомасць змянілася?
– Гэта залежыць ад чалавека. Некаторыя ўжо не могуць без вайны — яны прыязджаюць у адпачынак і зноў вяртаюцца на фронт, бо не бачаць сябе ў мірным жыцці. Іншыя вяртаюцца з паламанай псіхікай, бо бачылі занадта шмат жахаў. А ёсць і такія, хто навучыўся пераключацца паміж вайсковым і мірным жыццём.
РР: Раскажы, калі ласка, пра момант, які цябе найбольш уразіў падчас знаходжання ва Украіне.
– Напэўна, гэта было, калі патапілі крэйсер “Масква”. Расея пачала абстрэльваць Кіеў, і літаральна за 400 метраў ад месца, дзе я знаходзіўся, упалі дзве ракеты. Абломкі трапілі на тэрыторыю старога завода. Мы былі на базе з калегам, і гэта быў абсалютна нечаканы ўдар. Я пабег праверыць, ці ўсё з ім у парадку. На шчасце, усе засталіся цэлымі. Гэта адзін з самых яркіх успамінаў.
РР: Наколькі ты цяпер удзельнічаеш у розных дабрачынных ініцыятывах на падтрымку Украіны?
– Я пастаянна дапамагаю. Падтрымліваю украінцаў у Польшчы, дапамагаю з арганізацыяй мерапрыемстваў, забяспечваю ахову, дапамагаю з мантажом тэхнікі і святла. Удзельнічаю ў розных ініцыятывах.
РР: Калі вайна толькі пачалася, наколькі гэта было для цябе чакана?
– У 2014 годзе ніхто пра гэта сур’ёзна не думаў. Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, шмат хто казаў, што “Пуцін не адважыцца напасці”. І толькі адзінкі казалі, што гэта адбудзецца. У выніку яны аказаліся правільнымі. У першыя дні было складана, асабліва калі чуліся сігналы паветранай трывогі. А калі ўбачыў, як ракеты трапляюць проста ў жылыя дамы, банкі, аптэкі, гэта было сапраўды страшна. Потым, калі я пайшоў служыць і ўбачыў, што адбывалася ў Ірпені і Бучы, гэта быў зусім іншы ўзровень жаху.
РР: Цяпер, калі міжнародныя адносіны паміж Расeяй і іншымі краінамі абвастраюцца, зноў узнікаюць размовы пра магчымую вайну на тэрыторыі НАТА. Наколькі цябе турбуюць такія размовы?
– Я лічу, што ніхто не можа прадказаць будучыню. Калі сябе накручваць, то будзеш пастаянна жыць у стрэсе. Таму я стараюся не засяроджвацца на магчымых сцэнарах. Будзе тое, што будзе.
РР: Ці сабраная ў цябе “трывожная валізка”?
– Гэтыя рэчы збіраюцца за пяць хвілін. Як я казаў, я буду дзейнічаць па сітуацыі.
РР: Цяпер у Варшаве і іншых гарадах адбываюцца розныя культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя тэме Украіны і вайны. Наколькі яны табе цікавыя? Ці наведваеш іх?
– Часам бываю. Напрыклад, калі глядзеў спектакль “Пасля дзяцінства, пасля ўцёкаў”, мне было вельмі цяжка эмацыйна. Гэта гісторыі дзяцей, якія страцілі дамы, чые бацькі сядзяць у турме. Гэта не толькі пра вайну ва Украіне, але і пра рэпрэсіі ў Беларусі. Гэтыя дзеці ўжо ў малым узросце даведаліся, што значыць пачынаць жыццё з нуля. Я вельмі эмацыйна ўспрымаю такія рэчы, таму стараюся абмяжоўваць сябе ад такога кантэнту, бо і так хапае навін у інтэрнэце.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Цяпер Дзяніс жыве і працуе ў Варшаве. “Але для мяне важна працягваць дапамагаць Украіне”, – дадае ён.
Беларускае Радыё Рацыя






