BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ад энтузіязму да апатыі… і назад?

13 снежня адбылася значная падзея – былі вызваленыя 123 палітычныя зняволеныя.

Беларускія валанцёры адразу арганізавалі збор грошай для іх для таго, каб людзі маглі пражыць на чужыне хаця б першы час, мелі магчымасць атрымаць дакументы, адчуць хаця б малую матэрыяльную ўпэўненасць. Мэту яны вызначылі – кожнаму вызваленаму па тысячы еўра. За суткі неабыякавыя беларусы сабралі больш, як па дзве тысячы. Такі поспех – выдатны паказчык салідарнасці і энтузіязму беларусаў, якія, на хвіліначку, самі вырваныя з дому, жывуць на чужыне і, мяркую, не могуць пахваліцца лішнімі грашыма, і пра алігархаў сярод нашых я не чуў.

15 снежня адбылася падзея нашмат меншая – у ютубе на канале Рой-ТВ выйшаў чарговы ролік, з Z-блогерам Максімам Калашнікавым гутарыў другі Z-нік Юрый Евіч. Абодва суразмоўцы рэгулярна запісваюць відэа ў асноўным на тэму вядзення вайны ва Украіне. На першы ж запыт ютуб выкінуў каля пяці ролікаў з іх удзелам толькі за апошні год. У сярэднім відэа маюць ад 30 да больш, як 100 тысяч праглядаў. А вось апошняе…

Апошні ролік за суткі атрымаў толькі 4,5 тысячы праглядаў, у той час, як ранейшыя за першыя суткі атрымлівалі па 10-20 тысяч. Як бачым, цікавасць аўдыторыі зніжаецца.

Не менш цікавыя і каментары. За суткі іх набралася ўсяго 76. Ранейшыя ролікі, між іншым, набіралі па 1-2,5 тысячы каментароў – тэндэнцыя наводзіць на роздум.

Ну і цяпер пра змест каментароў. Адразу прашу прабачэння, што даю запісы ў арыгінале, каб найбольш поўна перадаць сэнс і эмоцыі. Першыя тры: “Ну чё там ЮричЕвич с Вашингтоном!?? Берём!????”, “Россия, страна с шовинистической идеологией и неадекватным населением.”, “Какой ужас творится”. І далей амаль у такім жа сэнсе. Мне ж найбольш запомніўся наступны: “Обезболься плевком в лоб. Размазывай по часовой стрелке. Будет тебе рай. Наноопиаты от Чубайса. Держалдол”.

Каментароў, дзе гучала адабрэнне, за першыя суткі набралася толькі два: “Самое интересное – сколько говен сразу написало, смотришь- и думаешь, сколько же этим коментаторам платят или делают ли они это из чистой любви к Салорейху? Ну а в целом – при этой власти победы нам не видать..” і “Юрий Евич – наш человек!”. Нагадаю – з 76-ці.


У чым жа прычына таго, што год-два таму большасць каментатараў падтрымлівала Z-нікаў Евіча і Калашнікава, а цяпер гатовая пляваць у іх?

Першая, мяркую, заключаецца ў тым, што простыя людзі ў Расеі паступова расчароўваюцца ў вайне, пачынаюць разумець, што вайна для іх і іх краіны – зло. Што прапагандысты, якія топяць за “вайну да перамогі”, кажуць свае словы не шчыра, а выключна адпрацоўваюць грошы, і пры гэтым немалыя! А простаму чалавеку што застаецца? Толькі рабская праца за капейкі і смерць на гэтай самай вайне.

Другую прычыну жорсткіх каментароў паказалі самі каментатары. “Евич все еще не на фронте. Все сидит на теплом диване, курсы продает.”, “У доктора МенгелЕвича закончились буратины несущие ему деньги?”, “О инфоцыган МенгелЕвич торговец брошюрами и аптечками весьма законный и даже кашерный бизнесм да ЮГий Иудеич ?”. Людзі словам і рублём выказваюць свой недавер да Юрыя Евіча і да яго падобных, якія пад прыгожымі лозунгамі стараюцца папросту ўзбагаціцца з гэтых жа самых людзей.

Ну і вішанька на торце: “Одно из немногих мест, где собираются адекватные люди – комменты под роликами с Евичем. Ролик, по традиции, можно не смотреть, а вот комменты читать – обязательно!”.

Аднак вернемся да вызвалення палітзняволеных. Алесь Бяляцкі, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Аляксандр Фядута і яшчэ 119 чалавек сёння атрымалі велізарны крэдыт даверу, пацверджаны амаль імгненным зборам. І гэта толькі беларусы замежжа. Не менш падтрымкі ў іх і ўнутры Беларусі.

Бліжэйшыя месяцы пакажуць, як яны змогуць распарадзіцца гэтым крэдытам. Ці змогуць прымножыць яго сваімі разумнымі словамі і справамі, ці бязладна растрацяць у пустапарожняй балбатні і сварках паміж сабой.

Рыгор Скамарох