Ад пачатку траўня ад палітзняволенага Рыгора Кастусёва не дайшоў ніводны ліст – раней такога вялікага перапынку ў ліставанні не было, піша праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на зяця палітыка. «У яго вельмі вялікія праблемы з ліставаннем, бо лісты яму не даходзяць. Бывае, піша, што »не атрымаў адказу, таму пішу зноў«, – кажа зяць Кастусёва.

67-гадовага старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ўтрымліваюць за кратамі ўжо больш за тры гады. У верасні 2022 года яго прызналі вінаватым у »змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады« і асудзілі да 10 гадоў калоніі. У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем – у яго выявілі анкалагічнае захворванне. У красавіку яму зрабілі аперацыю, пасля якой адразу перавялі ў турэмную камеру.






