Яшчэ адна старонка беларускага супраціву савецка-бальшавіцкім захопнікам знойдзена ў Варшаве кіраўніком Беларускага інстытута публічнай гісторыі, даследчыкам сталінскіх рэпрэсій Ігарам Станкевічам. У гонар кіраўніка партызанскага атраду Казіміра Слязкага на адным з касцёлаў размешчана памятная шыльда.

Пра гэта мы пагаворым з госцем Беларускага Радыё Рацыя Ігарам Станкевічам.
РР: У Варшаве знойдзена памятная дошка ў гонар кіраўніка антысавецкага атраду ў 1920 годзе Казіміра Слязкага. Чаму Беларускі інстытут публічнай гісторыі зацікавіўся гэтай асобай?
Ігар Станкевіч: Я, як даследчык сталінскіх рэпрэсій, у пачатку гэтага года працаваў у архіве і знайшоў сярод амаль тысячы крымінальных спраў, копіі якіх былі зроблены ў 90-х гадах у архіве КДБ і перавезены сюды, знайшоў справу так званых балахоўцаў 1921 года. І паводле гэтай справы я падрыхтаваў навуковы артыкул для навуковага часопіса, які выдаецца ў Варшаўскім універсітэце. Апроч таго, я апублікаваў шэраг матэрыялаў у сацсетках, у прыватнасці тэлеграм-канале Беларускага інстытута публічнай гісторыі, і да мяне звярнуўся нашчадак Слязкага. Я яго раней шукаў, і ён мне напісаў, што ў Варшаве знаходзіцца гэтая шыльда ў адным з касцёлаў. І я сапраўды знайшоў гэтую шыльду, яна знаходзіцца ў касцёле святога Станіслава Косткі. І мне падаецца, што тэма антысавецкага супраціву пачатку 20-х гадоў не надта добра зараз, па-першае, асвятляецца, а па-другое, мы мала пра яе ведаем. Мы ведаем пра Слуцкі збройны чын, гэта самае яскравае выступленне за незалежную Беларусь. Але былі і лакальныя выступы, партызанскія атрады, якія таксама выступалі за незалежную Беларусь і змагаліся з бальшавікамі. Але пра іх вельмі-вельмі мала вядома. І даследчыкаў у нас можна палічыць літаральна на пальцах адной рукі.

РР: На шыльдзе напісана, што Слязкі загінуў трагічна за Польшчу. Што Вы можаце сказаць на гэта?
Ігар Станкевіч: Сапраўды, калі паўстаў атрад, ён паўстаў на хутары Антонаўка, які належаў Слязкім, прыкладна ўлетку 1920 года, калі ад Варшавы адступалі чырвоныя войскі, ужо вярталіся на гэты бок. У следчай справе адзначаецца, што пэўны час каардынацыю атрадам ажыццяўлялі польскія вайскоўцы. І нават у справе узгадваюцца прозвішчы гэтых вайскоўцаў, яны былі ў форме адмысловай. А потым, калі яны ўжо сыходзілі, гэта было ўвосень, з гэтымі вайскоўцамі сышоў і сын Слязкага – Мечыслаў Слязскі. У Варшаве ён жыў і ўсталяваў гэту шыльду і сам памёр у Варшаве і пахаваны на старых Павонзках. Магчыма, самі Слязкія лічылі сябе каталікамі, шляхтай і палякамі, але як вынікае са следчай справы, якую вёў следчы па прозвішчы Цітоў, ён занатаваў, што Слязкі асабіст з іншымі мясцовымі хадзіў па вёсках і хутарах, збіраў зброю і агітаваў моладзь ісці за Айчыну і ахвяраваць сваім жыццём і дабром для дасягнення панскага царства Беларусь. То бок, следчы магчыма лепей ведаў настроі гэтых людзей, што гэтыя людзі былі за Беларусь, яны не хацелі ісці ў Чырвонае войска. І вось менавіта гэта ён адлюстраваў у сваіх дакументах, за што, па сутнасці, 9 асоб было асуджана да смяротнага пакарання, у тым ліку Казімір Слязкі. Адзін чалавек, яму пашчасціла ўцячы. далейшы лёс яго, на жаль, невядомы.
Цалкам гутарка:








Беларускае Радыё Рацыя






