BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

«Адмаўленне генацыду беларускага народу»: першае звінавачванне

Пра генацыд і этнацыд беларусаў упершыню загаварыла створанае ці адроджанае, як хто кажа, у 1991 годзе выданне «Наша Ніва». Тады было шмат зроблена высілкаў, каб напрыклад, выкрыць масавыя злачынствы бальшавікоў і камуністаў, у тым ліку масавыя забойствы савецкімі партызанамі мірных беларускіх людзей.

Сяргей Дубавец. Здымак: Елена Казлова / Lit-Belorg

Інтэрнэт-медыя «Філін» звярнула ўвагу, што ў букеце звінавачванняў лукашысцкімі «органамі» Сяргея Дубаўца ёсць свежы артыкул пад назвай «адмаўленне генацыду беларускага народу». І што Сяргей першы, хто атрымаў гэты юрыдычны нонсэнс сабе ў плечы.

Сам артыкул скапіяваны з расейскай практыкі і ўжываецца да грамадзянаў, якія глядзяць на гістарычныя падзеі асобна ад прынятай ва ўладзе версіі.

Асоба Сяргея Дубаўца ад стварэння ім новай версіі «Нашай Нівы» у траўні 1991 году заўсёды была троху таямнічай, бо спадар Дубавец не любіць публічнасць.

Таму калі я бачу як яго цяпер сціпла называюць то «журналіст», то «публіцыст», я ўсміхаюся, бо гісторыя з Сяргеем Дубаўцом крыху глыбейшая.

Ягоны праект «Наша Ніва» апроч генацыду беларускага народу спачатку царскімі расейскімі, а пасля савецкімі расейскімі, уладамі, значны яшчэ і выкрыццём сучаснай крамлёўскай дактрыны. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х у «Нашай Ніве» была сканструяваная фармулёўка «славянафашызм». Гэта было прадвесце паняцця «рускі мір».

«Славяне» як этнас з цэнтрам у Маскве, еўразійства з цэнтрам у Маскве і дамінаваннем «славянаў» – усё гэта ідэйныя слупы крамлёўскага фашызму, толькі не лакальнага, а імперскага размаху.

Сяргей Дубавец і праўда пачынаў журналістам, і праўда асноўнай, апроч літаратурнай, абраў форму выказванняў публіцыстычную ці эсэістычную.

Але вось гэты пробны ўдар па Сяргею Дубаўцу лукашэнкаўскія «органы» зрабілі як па канцэптолагу сучаснай Беларускай нацыянальнай Ідэі. І адначасова як па прынцыповаму развянчальніку «рускамірскасці» у Беларусі, да якога прыслухоўваюцца беларускія і не толькі лідары меркаванняў.

Цяпер у лукашыстаў месяц да «выбараў» у «парламент». Ім трэба дэманстраваць сваю актыўнасць у барацьбе з ідэйнымі ворагамі.

Толькі вось каму дэманстраваць? Лукашэнка яшчэ ў сядле? Колькі гадзін ці хвілін на дзень ён можа займацца дзяржаўнымі справамі?

Наскок на беларушчыну і антыкрамлёўшчыну ў асобе Сяргея Дубаўца – гэта выгін для Лукашэнкі? Дырэктар саўгасу праўда пераймаецца рускім мірам ды іншымі еўразійствамі? Ці мы ўжо назіраем танцы з бубнамі ў бок крамлёўскіх варацілаў у прадчуванні сканчэння эры Лукашэнкі?

2024 год толькі набірае абароты, варта чакаць нечаканых паваротаў сюжэту, бо сістэма толькі вонкава выглядае маналітнай.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя