Адміністрацыя мэсэнджара Signal пацвердзіла факты мэтанакіраваных фішынгавых атак, якія прывялі да захопу ўліковых запісаў некаторых карыстальнікаў, у тым ліку дзяржаўных чыноўнікаў і журналістаў.

«Шыфраванне і інфраструктура Signal не былі ўзламаныя і застаюцца надзейнымі. Гэтыя атакі былі выкананы пры дапамозе складаных фішынгавых кампаній, прызначаных для таго, каб падмануць карыстальнікаў і прымусіць іх падзяліцца інфармацыяй», — адзначаецца ў паведамленні кампаніі.
Адміністрацыя заклікала сваіх карыстальнікаў быць пільнымі і не перадаваць нікому свае PIN-коды.
Перад гэтым Міністэрства ўнутраных спраў Нідэрландаў заявіла аб глабальнай кіберкампаніі з боку расейскіх дзяржаўных хакераў на ўліковыя запісы ў Signal і WhatsApp, якія належаць высокапастаўленым асобам, вайскоўцам і дзяржаўным служачым. Службы разведкі і бяспекі краіны таксама пацвердзілі, што сярод ахвяр ёсць і дзяржаўныя службоўцы Нідэрландаў.
Беларускае Радыё Рацыя






