Рэдактары беларускай Вікіпедыі заўважылі, што адна з адміністратараў раздзела, Вольга Сітнік, вядомая пад нікам “Хомелка”, знікла 17 красавіка — раптоўна перастала правіць артыкулы і выходзіць на сувязь. Меркавалася, што яна магла быць затрыманая.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у той дзень Сітнік затрымлівалі, але адпусцілі дадому. Тыдзень таму жанчына была затрыманая зноў і змешчана на 10 сутак на Акрэсціна.
Вольга Сітнік — хатняя гаспадыня з Менска, якая гадуе трох непаўналетніх дзяцей. У Вікіпедыі яна з 2009 года піша пра беларускую традыцыйную культуру і прыроду, а таксама на такія тэмы, як грудное выкормліванне. Больш за два дзясяткі яе артыкулаў былі ўганараваны статусам «добрых» ці «выдатных». З 2010 года бесперапынна з’яўляецца адміністратаркай беларускай Вікіпедыі.
Як распавялі выданню іншыя рэдактары Вікіпедыі, пасля 2022 года, які адзначыўся шэрагам затрыманняў беларускіх вікіпедыстаў, гісторыя правак у артыкулах на адчувальныя палітычныя тэмы ў Беларускай Вікіпедыі была схаваная ад усіх, нават ад адміністратараў раздзела.






