BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адыйшоў у вечнасць кс. Рышард Пэрчак. Ён маліўся за паўстанцаў 1863 года на Лідчыне

Ва ўзросце 65 гадоў адыйшоў у вечнасць ксёндз Рышард Пэрчак.

З 1997 года і да самой смерці быў нязменным пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе, Лідскага дэканату, Гарадзенскай дыяцэзіі.

Спачылы святар быў родам з вёскі Бужыскі, гміна Драгічын, Семятыцкага павету, Падляшскага ваяводства.

Фота ліпень 2012 г.

З канца 1990-х рэгулярна што-лета служыў святую імшу на мемарыяле «Крыжы», на месцы пахавання паўстанцаў 1863 года па-між вёскамі Мохаваічы і Малое Ольжава, што на Лідчыне.

У развітальнай імшы з кс. Рышардам Пэрчакам прынялі ўдзел больш 100 святароў і іерархаў з усіх дыяцэзій Беларускага Каталіцкага Касцёла. Пахаваны на цвінтары ля касцёла ў Белагрудзе, якому аддаў 27 гадоў.

Ксёндз Рышард Пэрчак нарадзіўся 21 жніўня 1959 г. у Бужысках (Драгічынская дыяцэзія, Польшча) у сям’і Антонія і Зоф’і Пэрчакаў.

У 1986-1991 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Ломжы (Польшча).

Дыяканскае пасвячэнне прыняў 24 ліпеня 1992 г. у касцёле Перамянення Пана ў Селіванаўцах (Сапоцкінскі дэканат).

Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гародні.

Адразу пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).

24 лістапада 1997 г. быў прызначаны пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат), дзе служыў да смерці.

Калі ў 2007 г. была ўтворана парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат), стаў яе першым пробашчам. Пад яго кіраўніцтвам там была пабудавана святыня.

Пасля працяглай хваробы адышоў у вечнасць на досвітку 25 верасня, прыняўшы святыя сакрамэнты.

Вечны адпачынак дай яму, Пане…

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя