BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Адзначаецца 35-я гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістана

Сёння – 35-я гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістана, дзе яны знаходзіліся са снежня 1979 года па люты 1989 года. Гэта была спроба Масквы ўтрымаць у Кабуле пракамуністычны рэжым. 

Апошняя калона савецкіх войскаў перасякае афгана-савецкую мяжу, 15 лютага 1989 года, фота А. Саламонава.

З нагоды гадавіны, пацікавіліся ў грамадзян, як яны ставяцца да вайны ў далёкай азіяцкай краіне:

– Шчыра, я не вельмі разумею гэтую тэму, навошта мы там былі патрэбныя.

– Стаўленне адмоўнае.

– У мяне адзін знаёмы ваяваў, але я яго даўно не бачыў. Канешне, гэта вельмі непрыемна, асабліва для маці, для жонак. Самі разумееце. Думаю, што гэта, вайна, канешне, дрэнна, але без яе не абысціся. Яна ідзе пастаянна, на жаль. Гэта такая рэчаіснасць.

– Усе кажуць, што гэтая вайна была не наша.

Зараз у краіне жыве каля 25 тысяч воінаў-афганцаў. Штогод 15 лютага на дзяржаўным узроўні адзначаецца як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Па ўсёй краіне ладзяцца афіцыйныя мітынгі-рэквіемы, сустрэчы чыноўнікаў са сваякамі загінулых. Але самая шчырая традыцыя ў гэты дзень, калі ветэраны афганскай вайны наведваюць пахаванні сваіх пабрацімаў. Менавіта ў гэты момант адбываюцца адкрытыя размовы без пафасу і адыёзнасці.

Адзін з удзельнікаў таго савецка-афганскага канфлікту згадвае, што да апошняга не ведаў, куды накіроўваюць служыць:

Калі я прызываўся ў армію ў 1981 годзе, мы да апошняга, да пасадкі ў самалёт, увогуле не ведалі, куды ляцім, навошта ляцім.  Толькі калі мы селі ў самалёт і перасеклі мяжу, нам аб’явілі, што мы перасеклі мяжу дэмакратычнай рэспублікі Афганістан і цяпер мы не проста салдаты савецкай арміі, а цяпер мы воіны- інтэрнацыяналісты.  Будзем дапамагаць сяброўскаму народу.

Паводле афіцыйных дадзеных, у савецкай ваеннай кампаніі ў Афганістане ўзялі ўдзел амаль 29 тысяч нараджэнцаў Беларусі, з якіх 771 загінулі і больш за паўтары тысячы атрымалі раненні. 

Беларускае Радыё Рацыя