- Чаму Лукашэнка святкуе Дзень незалежнасці 3 ліпеня?
- Візіт у Кіеў: Орбан заклікае да перамір’я
- Шольц у Варшаве

«24 лістапада 1996 года адбыўся Рэспубліканскі рэферэндум, які шмат у чым вызначыў наступны аўтарытарны вектар развіцця Беларусі. Сярод іншага на ім Лукашэнка вынес пытанне аб пераносе Дня незалежнасці з 27 ліпеня на 3 ліпеня. За яго аддалі свае галасы больш за 88% удзельнікаў рэферэндуму», – перадае DW.
«У наступным 1997 годзе Дзень незалежнасці (Дзень Рэспублікі) упершыню адзначаўся 3 ліпеня – у «дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне» ў 1944 годзе. Так Дзень Рэспублікі, які не мае прамых адносін да ўзнікнення незалежнай беларускай дзяржавы ў 1991 годзе, прыйшоў на змену Дню незалежнасці, які да 1996 года адзначаўся ў дзень прыняцця Вярхоўным Саветам БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе. Дата 3-га ліпеня мае прынцыповае значэнне для Лукашэнкі. Ён рэгулярна падкрэслівае, што 3-е ліпеня зʼяўляецца ключавым днём беларускага палітычнага календара і сапраўдным Днём незалежнасці. Ва ўмовах прапагандысцкай інструменталізацыі вайны, на якую пасля пратэстаў 2020 года робяць стаўку беларускія ўлады, гэтая тэндэнцыя за апошнія гады толькі ўзмацнілася», – падкрэслівае DW.
Прэмʼер-міністр Венгрыі, якая цяпер старшынюе ў Еўразвязе, наведаў з візітам Украіну. Гэта яго першая паездка ў гэтую краіну за апошнія больш за дзесяць гадоў. Віктар Орбан прапанаваў прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму дамагацца найхутчэйшага спынення агню: гэта, маўляў, стала б асновай для пачатку мірных перамоваў. Цяпер Кіеў настойвае на тым, каб першы крок зрабіла Масква, вывеўшы свае войскі з тэрыторыі Украіны. Як заявіў Орбан, Зяленскаму варта было б падумаць аб іншай чарговасці. Рымская La Repubblica не сквапіцца на крытыку ў адрас Орбана.
«Падчас гутаркі ён казаў пра неабходнасць найхутчэйшага пачатку перамоваў. Шкада толькі, што з пачатку расейскай агрэсіі вугорскі ўрад не хаваў сваёй блізкасці да Крамля. і сістэматычна сабатаваў усе меры, якія прымаюцца Еўразвязам супраць Масквы. Акрамя таго, цяперашнюю місію Орбан арганізаваў у той самы час, калі ён займаецца стварэннем новай, адназначна прарасейскай фракцыі ў Еўрапейскім парламенце. Адказ украінскага лідара, паводле якога свет павінен быць справядлівым, не пакінуў ніякіх сумневаў у тым, што прапанова Орбана, мякка кажучы, шытая белымі ніткамі», – перасцерагае італьянскае выданне.
У Варшаве адбылася сустрэча прэмʼер-міністра Польшчы Дональда Туска і федэральнага канцлера Германіі Олафа Шольца. Гэта першыя германа-польскія ўрадавыя кансультацыі, з таго часу, як левацэнтрысцкі ўрад Туска змяніў каля штурвала ўлады ў Варшаве правакансерватыўны ўрад партыі ПіС. Як падкрэслілі Туск і Шольц, абодва бакі маюць намер паставіць сваё супрацоўніцтва на новыя рэйкі, і перш за ўсё, у галіне палітыкі бяспекі. Што ж да спрэчак вакол патрабаванняў Польшчы аб кампенсацыях, то па гэтым пытанні кіраўнікі ўрадаў абмежаваліся агульнымі фразамі. Мюнхенская Süddeutsche Zeitung заклікае нямецкі бок праявіць велікадушнасць у пытанні аб кампенсацыі.
«Той факт, што падчас свайго візіту ў Варшаву Олаф Шольц не змог абвясціць канкрэтнай сумы фінансавага жэсту на карысць ахвяр, якія яшчэ жывуць, нічога добрага не азначае. Так, прыхільнасць Германіі да справы забеспячэння будучай бяспекі Польшчы і Еўропы – гэта выснова, зробленая з урокаў гісторыі. Але тым не менш, для таго каб новы пачатак адносін паміж дзвюма краінамі сапраўды ўвянчаўся поспехам, неабходна як мага хутчэй паслаць больш выразны сігнал па пытанні кампенсацый. Чаканне і так ужо цягнецца занадта доўга», – заклікае нямецкае выданне.
У Нідэрландах у мінулы аўторак быў прыведзены да прысягі новы правы ўрад, сфарміраваны чатырохпартыйнай кааліцыяй, якая складаецца з правых папулістаў ад Партыі свабоды, кансерватараў з Народнай партыі за свабоду і дэмакратыю, цэнтрыстаў ад партыі Новая сацыяльная дамова – і пратэстнага Фермерска-грамадзянскага руху. Новым кіраўніком урада стаў беспартыйны былы чыноўнік Дзік Схоф. Упершыню міністэрскія пасты дасталіся правым папулістам. Амстэрдамская De Volkskrant спадзяецца на тое, што партнёры Партыі свабоды па кааліцыі не пралічыліся.
«Нават па сканчэнні сямі месяцаў перамоваў паміж кааліцыйнымі партыямі не сфармавалася ні кроплі даверу. Урад Схофа стане камандай, галоўныя дзеючыя асобы якой будуць адным вокам сачыць адна за адной, а другім заўсёды касавурыцца ў бок выхаду. Умераныя правыя партыі – Народная партыя за свабоду і дэмакратыю і Новы сацыяльны дагавор – спадзяюцца, што выйдуць з гульні пераможцамі без усялякай шкоды вяршэнству права і сацыяльным асновам, але ніякіх гарантый тут няма! Наадварот: з часоў заканчэння Другой сусветнай вайны Нідэрланды ніколі яшчэ не ішлі на такую вялікую палітычную рызыку», – папярэджвае мясцовая сталічная газета.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






