BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Агляд прэсы: Зачын на будучыню

  • Лёс беларускай флейтысткі невядомы
  • Праймерыз у ЗША: Мікі Хэйлі выбыла з гонкі
  • Парламенцкія выбары ў Партугаліі

«Лёс беларускай флейтысткі невядомы…» — брытанская газета The Guardian піша пра Марыю Калеснікаву.

«Смерць лідара расейскай апазіцыі дадае трывогі сям’і Марыі Калеснікавай, ад якой ужо год няма навін. 14 лютага 2023 года – дзень, калі родныя атрымалі апошняе паведамленне ад Марыі. Аўтар артыкула Andrew Roth адзначае, што сваякі іншых палітвязняў таксама не атрымліваюць вестачак. Смерць у турме лідара расейскай апазіцыі Аляксея Навальнага дадало яшчэ большай трывогі сем’ям палітычных зняволеных не толькі ў Расеі Уладзіміра Пуціна, але і ў Беларусі, якая з’яўляецца самым верным саюзнікам Масквы на постсавецкай прасторы. У зняволенні Калеснікава мела праблемы са здароўем з-за дрэннага лячэння і ў лістападзе 2022 года трапіла ў шпіталь, дзе ёй рабілі аперацыю з нагоды прабадной язвы. У сваім апошнім лісце яна заклікала сям’ю сачыць за сабой і заўсёды заканчвала лісты формай фразы «Усё будзе добра», – піша брытанскае выданне.


У сераду Мікі Хэйлі абвясціла аб тым, што выходзіць з перадвыбарнай гонкі за права на вылучэнне ў прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі. У так званы супераўторак ёй удалося атрымаць перамогу толькі ў адным штаце – Вермонце, у той час як яе супернік Дональд Трамп выйшаў пераможцам у 14 штатах. «Тое, як сыходзіць Хэйлі, кажа аб тым, наколькі дамінантны рух Трампа», – піша нямецкі партал Zeit Online.

«Нават калі вельмі малаверагодна, што ў гэтай перадвыбарнай барацьбе яна яшчэ адыграе нейкую ролю – да прыкладу, у якасці віцэ-кандыдата на замену Трампу, – яна тым не менш, нават сыходзячы, спрабуе не раззлаваць электарат Трампа. Гэты дзень стаў самым найніжэйшым пунктам гэтай выбарчай кампаніі. Не таму, што Хэйлі была б абавязкова лепшым прэзідэнтам, а таму, што прама на вачах у Трампа перад ім разгортваецца чырвоная дывановая дарожка. У бліжэйшыя месяцы ён будзе шпацыраваць па ёй, як кароль, якім ён сябе і лічыць. Як быццам ніякай Мікі Хейлі не было і на павестцы», – канстатуе нямецкае выданне.


У гэтую нядзелю ў Партугаліі пройдуць датэрміновыя выбары ў парламент. Правацэнтрысцкая кааліцыя Дэмакратычны альянс у цяперашні час па выніках апытанняў лідзіруе і апярэджвае Сацыялістычную партыю, якая атрымала абсалютную большасць у 2022 годзе. Аднак, паводле бягучых прагнозаў, ніводнай з партый падобны вынік на гэты раз не свеціць. Аглядальнікі занепакоеныя высокімі рэйтынгамі правапапулісцкай партыі Chega (‘Даволі!’), за якую гатовы прагаласаваць амаль 17 працэнтаў выбаршчыкаў. «Эканамічныя дасягненні, пра якія заяўляе сацыялістычны ўрад, насельніцтвам практычна не адчуваюцца», – адзначае лісабонскі штотыднёвік Expresso.

«Акрамя ўсім вядомых праблем, такіх як цяжкасці бюджэтнай сферы і адсутнасць даступнага жылля , статыстыка таксама паказвае, што ў 2022 годзе пакупніцкая здольнасць працуючага класа Партугаліі асела ў сярэднім на пяць працэнтаў у параўнанні з 2021 годам, а ў 2023 годзе страта ў параўнанні з папярэднім годам склала 1,2 працэнта. У параўнанні з мінулым годам краіна стала багацейшай, а вось большасць яе грамадзян – бяднейшая. Што чарговы раз даказвае: жыццё людзей лепш не стала, хаця сітуацыя ў краіне ў цэлым палепшылася. Ці дастаткова гэтага для таго, каб зноў перамагчы на выбарах?», – піша партугальскае выданне.


Міністр фінансаў Вялікабрытаніі Джэрэмі Хант прадставіў у сераду распрацаваны яго ведамствам новы праект бюджэту, які прадугледжвае істотныя падатковыя паслабленні. Так, узносы на сацыяльнае страхаванне плануецца скараціць на два працэнтныя пункты. Прэса выносіць свае ацэнкі, адзначаючы, што кіруючы кабінет распрацоўваў праект з відавочным прыцэлам на парламенцкія выбары, якія адбудуцца ўвосень. «Падатковыя паслабленні – усяго толькі перадвыбарчы падарунак», – так бачыць сітуацыю нямецкае выданне Frankfurter Rundschau.

«Гэта робіцца для таго, каб торы і іх публіка выйгралі хоць нейкі час перад немінучай паразай падчас выбараў і маглі выратаваць тое, што яшчэ хоць неяк можна забраць з сабой. А тое, што застанецца – пустыня і хаос у грамадстве, культуры і эканоміцы, якія ўтварыліся на месцы былой сусветнай дзяржавы, якая столькі дала свету, але цяпер выпусташаная тупіком брэкзіту і мажорамі з Ітана, усё гэта няхай потым вымятае наступны ўрад пад кіраваннем лейбарыстаў. Бо брытанскія сацыял-дэмакраты таксама не збіраюцца нічога паляпшаць. Іх лідар Кір Стармер, гэты клон Олафа Шольца, ужо адмовіўся ад цэлага шэрагу запланаваных было крокаў у плане рэформаў», – з горыччу піша нямецкае выданне.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя