Як ставіцца беларускае грамадства да беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, і якія праблемы турбуюць зараз апошніх? Чым займаецца нядаўна створаная дабрачынная ініцыятыва “Росквіт” у Вільні і як трымаюць тэму беларускіх добраахвотнікаў на парадку дня? Пра гэта ды іншае з Госцем Рацыі – былым добраахвотнікам, кіраўніком камісіі па нацыянальнай бяспецы Каардынацыйнай рады Аляксандрам Клачко размаўляе наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.

РР: Не ўсе беларусы разумеюць, за якія каштоўнасці змагаюцца беларускія ваяры і ахвяруюць сваім асабістым жыццём, здароўем і воляй на вайне ва Украіне. Бо вайна вядзецца не на тэрыторыі Беларусі, а ў іншай дзяржаве. І губляць там жыццё многія лічаць неразумным. Што Вы скажаце на гэты конт?
Аляксандр Клачко: Я разумею гэтыя наратывы, гэтыя думкі, я чую іх і ў свой бок і ў бок іншых добраахвотнікаў. Менавіта таму адна з прычын, па якой я праводжу мерапрыемствы памяці загінулых пад Лісічанскам, дай Бог будзе ў мяне магчымасць такая, я хацеў бы, каб не толькі пра гэты бой, а і пра іншыя баявыя сутыкненні з удзелам нашых хлопцаў таксама даносілася інфармацыя. Я таксама лічу, што ва Украіне беларускія добраахвотнікі не павінны гінуць. Мы павінны выканаць там пастаўленыя баявыя задачы. Задача мінімум – спыніць акупанта, задача максімум – прагнаць яго з чужой для яго ўкраінскай зямлі, але выжыць. Выжыць, таму што акрамя нас, беларусаў, ніхто не будзе вызваляць Беларусь. Нам могуць дапамагчы, але за нас вызваляць Беларусь ніхто не будзе. Калі за нас вызваляць Беларусь, то гэта будуць чарговыя акупанты. Таму трэба спадзявацца на сябе. Вызваленне можа адбыцца любым чынам – мірным, вайсковым. Трэба быць падрыхтаваным да любога варыянта. Кажуць, чужая зямля, чужая краіна, навошта туды ехаць? Маё глыбокае перакананне, што галоўны вораг незалежнай Беларусі не рэжым Лукашэнкі – гэта таксама вораг, але галоўны вораг незалежнай Беларусі – гэта імперская Расея. Імперыя, якая лічыць нашу беларускую зямлю, украінскую зямлю сваёй тэрыторыяй. І нас, беларусаў, яна не лічыць асобным, самадастатковым народам. Таму аслабленне гэтай імперыі, змена яе імперскага светапогляду на нармальны погляд – гэта галоўная задача, выкананне якой прама ўплывае на здабыццё нашай краінай незалежнасці і ўтрымання гэтай незалежнасці. Таму аслабляць ворага можна і трэба.
РР: Якія асноўныя турботы і праблемы зараз у беларусаў, якія змагаюцца за волю ва Украіне, і ці не знізіўся ім ровень дапамогі, які быў раней?
Аляксандр Клачко: Я лічу, што матывацыя беларускіх добраахвотнікаў і тых, хто падтрымлівае іх, яна безумоўна знізілася, на жаль. Гэта і час, і незразумелая перспектыва ў гэтай вайне. І таксама ўплывае, безумоўна, стаўленне і Украіны і еўрапейскіх краін да тых, хто быў ці знаходзіцца ва Украіне, і плануе пасля гэтага вяртацца. Што на гэта ўплывае, гэта тое, што беларускія добраахвотнікі зараз фактычна не маюць статуса ва Украіне. Возьмем прыклад літоўскіх добраахвотнікаў. Яны не маюць статуса ў сваёй краіне, у Літве. Статус – гэта адносіны дзяржавы да нас, добраахвотнікаў. Калі дзяржава не вызначылася, як яна ставіцца да сваіх грамадзян, якія змагаюцца фактычна супраць самага галоўнага ворага незалежнасці, то ў грамадзян страчваецца жаданне, матывацыя змагацца. Бо трэба яшчэ даказваць, што ты змагаешся за свабоду, што ты не тэрарыст, што ты не паехаў на вайну, бо любіш забіваць людзей, альбо за грошы. Абясцэньванне ідзе з боку тых, хто расчараваўся, на жаль, з боку тых, хто не падтрымлівае ідэю барацьбы з Расеяй, бо на жаль, ёсць і тыя, хто бачыць, што Расея не такі ўжо і вораг, што без Расеі Беларусь не можа існаваць. Наратываў шмат і таму неразумення шмат.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






