BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Аксана Акуневіч: беларуская школа ў Грузіі – без фінансавання

У Грузіі два гады існуе беларуская школа, якая заснаваная актывісткай і настаўніцай Аксанай Акуневіч.

З якімі праблемамі існуе гэтая навучальная ўстанова ў грузінскім Батумі распавядае Аксана Акуневіч:

– Зараз у нас вучыліся дзеці да 10-га класа. А так мы працуем як поўны цыкл да 12-га. Проста пачала з добрага. Цяжкасці, як ва ўсіх, фінансавыя, таму што няма ніякай падтрымкі. Вельмі мала вучняў. Магчыма не хапае інфармацыі пра нас, таму што калі да нас прыходзяць, сыходзіць ужо ніхто не хоча. Застаюцца, цягнуць знаёмых. Але вельмі цяжка прывабіць. Я так мяркую, што па-ранейшаму, па нашай беларускай завядёнцы, лічаць, што ўсё беларускае – местачковае, усё горшае за рускае.

Па словах Аксаны Акуневіч, беларуская адукацыя ў Грузіі мае сваю адметнасць:

– Адрозненне нашай школы, напрыклад, ад школ у Польшчы ў тым, што ў Польшчы нельга навучацца дзецям, якія не грамадзяне Польшчы, напрыклад, на Падляшшы, на беларускай мове. Нашая школа цалкам беларускамоўная і афіцыйная. Гэта нешта накштал таго, што існуе ў Вільні. І цікава дарэчы, што ў нас ёсць вучні, якія пераехалі з віленскай гімназіі Скарыны.

Школа, якой кіруе Аксана Акуневіч, гэта паўнавартасная афіцыйная беларуская школа. Навучанне ў гэтай школе платнае і каштуе 300 даляраў у месяц за кожнага вучня. Установу адрозьнівае таксама тое, што ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску, а навучанне ў ёй дае магчымасць атрымання дазволу на знаходжанне ў Грузіі (ДНЖ) як дзецям, так і іх бацькам.

Паводле арганізатараў, школа працуе ў межах мясцовага заканадаўства і разлічаная на беларускія сем’і, што пераехалі ў Грузію або разглядаюць такую магчымасць.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя