Універсітэт Залатога Веку – гэта адукацыйна-інтэграцыйная ініцыятыва для пажылых беларусаў (55 +), якія цяпер жывуць у Польшчы. Цяпер аб’яднанне дзейначае ў 4 гарадах: Варшаве, Беластоку, Гданьску і Уроцлаве. Няглядзечы на тое, што першы сезон працы ўжо ідзе, далучыцца да некаторых кірункаў яшчэ рэальна.

Пра гэтую магчымасць і іншыя адметнасці Універсітэта ў сталіцы, яго каардынатарка Аксана Колб распавяла нашай журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Хто цяпер можа далучыцца да навучання ва ўніверсітэце? Ці можна гэта зрабіць?
Аксана Колб: Цяпер яшчэ можна далучыцца, але не на ўсе курсы. Толькі на тыя, на якіх адкрыты дасюль набор. Хаця мы планавалі, што з 31 студзеня закрыем прыём, але ў кагосьці ёсць пільная патрэба і падабаюцца курсы, якія мы прапануем, то думаю, што можна і запісацца. Хаця з большага ўсе мы будзем чакаць наступнага сезону, калі ўсё атрымаецца, то восенню мы будзем аб’яўляць новы набор.
РР: Па якіх накірунках цяпер можна далучыцца?
Аксана Колб: Наколькі я ведаю, больш засталося месцаў на псіхалогію, там у нас ёсць яшчэ некалькі вольных месцаў, і кулінарны будзе курс, ён пачнецца ў сакавіку, там будзе пра асаблівасці нацыянальнай кухні, там таксама яшчэ некалькі месцаў. Хаця агулам, няшмат ужо засталося. Таму, калі камусьці вельмі хочацца, то паглядзіце на нашым сайце, там ёсць адмысловая форма, яе запоўніце, і ўсю інфармацыю мы атрымаем.
РР: Як цяпер праходзяць заняткі?
Аксана Колб: Зараз заняткі праходзяць з панядзелка па пятніцу, акрамя чацвярга. Часам гэта па тры заняткі на дзень, часам два. Асноўныя напрамкі, якія ёсць: гэта ўпэўненае валоданне смартфонам; гэта інстаграм для сябе і для сваёй справы; карыснае харчаванне, асновы; польская мова, якая, дарэчы, найбольш набрала людзей. І яшчэ некалькі такіх заняткаў, якія накіраваныя на псіхалагічную падтрымку ў эміграцыі. На іх таксама ходзяць людзі.
РР: Распавядзіце, калі ласка, пра вашых студэнтаў.
Аксана Колб: У Варшаве 50 чалавек запісалася. Ходзяць, праўда, не ўсе. Час, магчыма, не заўсёды пасуе, да таго ж нашыя пенсіянеры яшчэ і працуюць, вымушаны працаваць. Але касцяк – чалавек 30. Яны ходзяць на розныя курсы. Калі ў сярэднім браць, то ўзрост недзе 60-65 гадоў. Хаця ёсць і 55-58, і два чалавекі ў нас ёсць 74 і 75 гадоў. Усе вельмі цікавыя людзі. Розныя. Ва ўсіх былі розныя прычыны апынуцца ў эміграцыі. Хтосьці вымушана з’ехаў, хтосьці прыехаў услед за дзецьмі, ну а хтосьці проста папрацаваць тут.
Цалкам матэрыял:
Падрабязней з дзейнасцю Універсітэту Залатога Веку можна пазнаёміцца на сайце ініцыятывы: https://uzv.ifae.live/.
Беларускае Радыё Рацыя






