BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі

Гарадзенскі абласны суд 21 лістапада завочна вынес прысуд актывісту Ежы Грыгенчу: шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф  памерам 1000 базавых велічыняў (40 000 рублёў). Справу разглядаў суддзя Васіль Скок. Актывіста прызналі вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў.

Ежы Грыгенча – вядомы гарадзенскі грамадска-палітычны актывіст, якога раней неаднаразова затрымлівалі. З 2020 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Спецвытворчасць супраць яго распачалі яшчэ ў лістападзе 2023 года. Па месцы былога жыхарства актывіста прайшлі некалькі ператрусаў, на маёмасць Грыгенчы і яго жонкі накладзены арышт. 

Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Справу Ежы пачалі разглядаць у Гарадзенскім абласным судзе 11 лістапада. Ужо 21 лістапада ў судзе быў агучаны прысуд. Адзначым, што штраф памерам 40 000 рублёў быў прызначаны за “абразу Лукашэнкі”.

Меру стрымання Ежы да ўступлення прысуду ў законную сілу пакінулі ранейшую – заключэнне пад варту. Часовае абмежаванне права на выезд Грыгенчы з Рэспублікі Беларусь мусяць адмяніць пасля ўступлення прысуда ў законную сілу. У мэтах забеспячэння выплаты штрафу, накладзены на яго маёмасць арышт не адмянілі.

spring96.org