Жыццё з нуля. Гісторыі беларусаў, якім на эміграцыі давялося пачынаць усё спачатку і засвойваць новыя прафесіі.
Гісторыя 12. Гераіня гэтага матэрыялу прасіла не паведамляць сваё прозвішча з тых жа прычын, чаму цяпер многія беларусы за мяжой адмаўляюцца размаўляць са СМІ: на радзіме засталіся сваякі, дзеці ці бацькі, не вырашанае пытанне з маёмасцю, назапасілася стомленасць альбо з’явілася дэпрэсія. Кожная з гэтых прычын можа пасаваць і для Аксаны. Аднак яна пагадзілася ўсё роўна падзяліцца сваёй нялёгкай гісторыяй эміграцыі.
Аксана цяпер жыве ў Польшчы са сваёй непаўналетняй дачкой. Аднак гэта не першая краіна ў эміграцыі. Спачатку яна з’ехала ва Украіну, а пасля пачатку вайны, як і многія беларусы, эмігравала ў Польшчу.
Аксана скончыла ў 1994 годзе Бабруйскую мастацкую вучэльню па спецыяльнасці “Роспіс па дрэве і інкрустацыя саломкай”. Па сканчэнні вяла ў Дзіцячым доме творчасці гурток. Займалася з дзецьмі па сваёй спецыяльнасці. Аднак цяпер Аксана не займаецца роспісам па дрэве і інкрустацыяй саломкай. І нават забылася, як гэта рабіць. Пасля працы ў ДДТ (Дзіцячы дом творчасці) у Аксаны быў дэкрэт, потым яна займалася пошукамі работы, працавала ў кіёску на рынку, потым у электрасетках вяла тэхнічную дакументацыю. Аднак гэта было дзяржаўнае прадпрыемства. Як кажа Аксана, з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі: “Я бачыла, як адно аднаго падседжваюць, прасоўваюць па кар’ернай лесвіцы каханак, дзяцей. Гэта з цягам часу пачало напружваць. А я марыла мець творчую прафесію”. Аксана скончыла курсы камп’ютарнай графікі і працавала ў прыватных прадпрыемствах з камп’ютарнай графікай як дызайнер-тэхнолаг. Потым зноў быў дэкрэт, пасля якога было складана знайсці працу.
У 2020 годзе яна працавала на прыватным прадпрыемстве на станку, які выдзьмухаў пластыкавую тару для аўтахіміі. Аднак у Аксаны ў той год вельмі часта хварэла дачка:
— Менавіта ў 2020 я звольнілася, бо ў студзені пачала хварэць дачка, мы доўга ляжалі ў бальніцы. У яе былі двухбаковы атыт, ёй рабілі праколы. Таму ў мяне быў доўгі бальнічны. Калі я выйшла на працу, а мне там пасаваў і графік, і заробак, то мне сказалі: “Яшчэ раз такі даўгі бальнічны і мы звольнім”. І калі дачка праз два тыдні зноў захварэла на атыт і я зразумела, што нас пакладуць у бальніцу, то я ўжо сама напісала заяву на звальненне. Гэта быў сакавік 2020. А потым здарыўся кавід.
Аксана з дачкой з’ехалі з Беларусі ў 2021 годзе. Да гэтага жанчыну затрымалі з улёткамі на вуліцы. “Затрымалі ноччу, усё было досыць экстрэмальна, калі-небудзь пра гэта можна будзе прыгодніцкую кнігу напісаць”, — жартуе Аксана. Яе трое сутак пратрымалі ў ІЧУ, пасля чаго прызначылі хатні арышт. Аксану судзілі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэксу “Абраза прэзідэнта”. Пасля гэтага Аксана з дачкой збеглі з-пад хатняга арышту. Спачатку ва Украіну. “Гэта быў доўгі і цяжкі шлях, — згадвае актывістка. — Ва Украіне была думка паехаць далей у Польшчу, але былі праблемы з дакументамі, паколькі ў дачкі не было пашпарта. Пакуль мы чакалі, то прызвычаіліся і вырашылі, што застанёмся ва Украіне. Але пачалася вайна. І мы ўсё роўна апынуліся ў Польшчы”.
Аксана з дачкой з’ехалі з Украіны 24 лютага 2022 года ў 7 раніцы, а 26 лютага ўвечары перасеклі мяжу. Як прызнаецца ва Украіне ёй было лягчэй адаптавацца, хоць там былі праблемы з легалізацыяй:
— На той момант здавалася, што ва Украіне цяжка адаптавацца. Я не паспела там папрацаваць афіцыйна, бо не паспела там легалізавацца. Ва Украіне любілі з гэтым зацягваць. А, можа, перад вайной разумелі, што няма сэнсу. Але я не адна такая была, у многіх маіх знаёмых зацягвалі з легалізацыяй. Але ва Украіне было лягчэй, бо менталітэт бліжэй, мова бліжэй. Нават тую нелегальную падпрацоўку знайсці лягчэй. А ў Польшчы, калі не ведаеш мовы, то не можаш працаваць нікім, акрамя прыбіральшчыцы. Можна пайсці на фабрыку ці завод працаваць, але там начныя змены. І цяпер у мяне няма магчымасці пакідаць дзіця з кімсьці, пакуль я ноччу на працы.
Самая складана праца ў Польшчы для Аксаны была на прадпрыемстве, якое займалася кетэрынгам дыетычнага харчавання. Там трэба было расфасоўваць ежу. Аксана патрапіла ў мясны аддзел. Працаваць даводзілася ноччу (на той момант у яе было з кім пакінуць ноччу дзіця), бо дзённыя змены ёй не падыходзілі, паколькі зранку трэба было адвезці дачку ў школу, а ўдзень яе забраць:
— Гэта было вельмі цяжка фізічна: ноччу працуеш, удзень адсыпаешся. Я месяц прапрацавала і пачала разумець, што губляюся ў часе, не разумею, які дзень і які час сутак. Я практычна не бачыла дачку, бо ўдзень спала, а ноччу мяне няма.
Самай цікавай работы ў эміграцыі ў Аксаны пакуль не было. Яна працуе цяпер прыбіральшчыцай у рэстарацыі. Гэта фізічная праца, але Аксана працуе не цэлы дзень, таму ёсць час на адпачынак.
— Цікавага там мала, канешне, хацелася б нешта іншае. У Беларусі я неяк працавала на прыватным прадпрыемстве, дзе мы рабілі мастацкія вітражы. — Згадвае жанчына. — Калі б штосьці такое знайсці. Я тады працавала як дызайнер, працавала з кліентамі, дапамагала падбіраць дызайн вітражоў да кватэр ці дамоў. Рыхтавала эскізы, суправаджала на працягу ўсёй замовы. Сама ездзіла часам на вытворчасць, дзе вырабляліся вітражы, і дапамагала, калі трэба было занадта мастацкія нюансы вырабляць. Гэта было цікава. Не ведаю, ці знайду я тут штосьці падобнае.
Вярнуцца ў Беларусь Аксана хоча, але сябе ў Польшчы не бачыць:
— Я сябе прымушаю гэта ўбачыць, бо тут расце мая дачка. То бок час ідзе, я не магу сказаць: “Пачакай, пастаў сваё дзяцінства “на стоп”, пакуль мы тут пераможам”. Таму ў тых абставінах, якія ёсць, трэба думаць пра яе будучыню і адаптавацца, браць нешта карыснае з таго моманту, які сёння ёсць. Але гэта не ад душы, гэта розумам разумееш, што трэба рабіць. Самае цяжкае цяпер — гэтая невядомасць, мы не ведаем, калі мы вернемся і ці вернемся ўвогуле. Можа, праз год, а можа праз дзесяць. Неяк планаваць сваё жыццё, зыходзячы з гэтага няведання, вельмі цяжка.”
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя