Беларуска Аксана Акуневіч рыхтуецца да адкрыцця беларускай школкі ў Батумі, дзе будуць вучыцца дзеці з першага па дзясяты клас.

Школку плануецца адкрыць увосень на базе беларускай пляцоўкі «Аксяродак», якой кіруе Аксана. Пра зацікаўленасць беларусаў такой школай кажа Аксана Акуневіч:
-Зацікаўленасць у адукацыі на беларускай мове я назіраю даволі вялікую. Праз юрыдычныя акалічнасці, якія ёсць у Грузіі, калі не патрабуюць адмовіцца ад тваёй ідэнтычнасці, а калі ёсць магчымасць навучацца на беларускай мове, падтрымліваць сваю ідэнтычнасць, то я бачу, што перспектывы даволі вялікія. І для мяне важна, што гэта будзе адукацыя беларусаў з Беларусі.
Па словах Аксаны, таксама хапае і беларускіх настаўнікаў, якія зараз працуюць у розных адукацыйных праектах у Батумі:
-Зараз у Грузіі агулам колькасць настаўнікаў дастатковая, і яны працуюць у розных школах – у рускіх, украінскіх. Іншае пытанне, што невядома дзе мы ўсе будзем праз паўгода, як будзе развівацца краіна. І нават тыя, з кім мы працавалі ў гэтым годзе, некаторыя людзі былі вымушаныя з’ехаць праз тое, што заканчваюцца дакументы, альбо іх не пусцілі ў Грузію.
Школка ў «Аксяродку» – гэта беларуска-грузінска-французскі праект, дзе дзеці будуць навучацца беларускім прадметам, вучыць грузінскую культуру і гісторыю, а таксама вывучаць французскую мову.
Беларускае Радыё Рацыя