У Беларусі сёння развітаюцца з палітвязнем, журналістам, чальцом БСДП (“Грамада”) Ігарам Леднікам. У зняволенага спынілася сэрца ў менскай раённай лякарні – туды ён быў дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2. Дзеячу было 64 гады.
Сённяшні Госць Рацыі, прадстаўнік Беларускай Асацыяцыі палітвязняў “Да Волі”, суарганізатар акцыі памяці ў Варшаве Алег Кулеша ў размове з нашай карэспандэнткай Марынай Савіцкай даў сваю ацэнку падзеям.
РР: Як у асацыяцыі ўспрынялі навіну пра тое, што не стала яшчэ аднаго палітвязня?
Алег Кулеша: Вельмі-вельмі сумна. Для нас гэта асабліва трагічная сітуацыя, калі мы даведваемся пра такія выпадкі. Тым больш разумеем, што фактычна 40 дзён не паспела прайсці, а ў нас ужо новы вязень памёр. Гэта вельмі моцна б’е людзей па адчуванні таго, што адбываецца ў нас на Радзіме, вельмі сумна гэта ўсё.
РР: Для вас асабіста Ігар Леднік чым быў адметны?
Алег Кулеша: Па-першае, я чалец партыі БСДП (“Грамада”), мы знаходзіліся ў адной партыі. Я, канешне, яго не ведаў, але ўся справа ў тым, што я жыў акурат вось у гэтым будынку, у гэтай зоне, дзе знаходзіўся Леднік. Я жыў на другім паверсе, а на першым паверсе быў вось гэты атрад, дзе знаходзяцца ўсе небаракі, то бок людзі, якія маюць захворванні, якія маюць розныя пашкоджанні, якія маюць інваліднасць і г.д. І фактычна ўвесь свой тэрмін, які я адбываў, я знаходзіўся побач з імі, на адным дворыку падчас шпацыру кожны дзень сустракаліся. З Аляксеем там пазнаёміліся, і Аляксей таксама вельмі годны хлопец, якому можна верыць 100%. Калі ён сказаў, што чуў гэтыя словы, што “я не дажыву”, то мажліва так гэта і было. Насамрэч у гэтым атрадзе могуць быць цяжкія ўмовы для жыцця.
РР: Калі гэтая ўся гісторыя адбылася, як праяўляліся настроі ўдзельнікаў асацыяцыі? То бок гэта была рэакцыя кшталту давайце зробім акцыю альбо як?
Алег Кулеша: Насамрэч акцыя сама ў гэты раз нарадзілася ад Руху салідарнасці “Разам”. Проста аўтаматычна людзі падтрымалі – і ўсё. Канешне, хацелася б, каб і болей людзей прыйшло. Для мяне непасрэдна крыўдна тое, што людзі тут, якія жывуць у бяспецы, у замежжы, якія фактычна павінны з’яўляцца голасам гэтых людзей, якія трымаюцца за кратамі, неактыўныя. Таму што я жыву з такіх пазіцый, што ў нас ідзе вайна і там усе людзі знаходзяцца ў палоне. Як мы прыходзім на акцыі, як мы гучна пра гэта ўсё заяўляем пра іх – гэта і ёсць стаўленне да нашых палонных.
З-за гэтага крыху становіцца сумна, таму што я не ведаю, што трэба зрабіць людзям, каб яны зразумелі тое, што, калі ты прыходзіш на акцыю да амбасады – гэта вельмі важна, нават калі проста даведваецца паліцыя, якая там стаіць на ахове. Яна распавядзе камусьці са сваіх сяброў дзесьці ва ўчастку, дзесьці так.
Такім чынам мы можам казаць і пра тое, што мы існуем.
Нагадаем, Ігара Ледніка затрымалі ў красавіку 2022 года. У яго артыкуле ў партыйным часопісе БСДП знайшлі “паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Журналіста асудзілі на 3 гады калоніі.
Палітзняволенага пахаваюць сёння (у чацвер, 22-га лютага) у Барысаве.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя