Беларускія палітвязні, якія былі вызваленыя з-за кратаў 13 снежня і цяпер знаходзяцца ў Варшаве, 21 снежня раз’едуцца па польскіх гарадах. Частка з іх застанецца ў сталіцы.

У гэтыя дні суправаджэннем, юрыдычнымі, псіхалагічнымі і іншымі пытаннямі экс-вязняў займаюцца беларускія арганізацыі. Адна з іх – Беларуская Асацыяцыя Палітвязняў “Да Волі” – працуе з былымі зняволеннымі з дня іх прыезду ў Еўразвяз, 18 снежня.
Пра задачы ініцыятывы распавёў яе прадстаўнік Алег Кулеша:
– На першым этапе наша задача, якая была пастаўленая для нас, – гэта дастаўка палітвязняў на месца іх жыхарства і далейшая дастаўка іх па ўсёй тэрыторыі Польшчы. А таксама дапамога правядзення самой сустрэчы. Я лічу, што мы сваю задачу выканалі на ўсе сто, усё, што тычыцца дапамогі ад Асацыяцыі. Зараз будзем набываць квіткі на праезд, каму патрэбна, будзем дапамагаць таксама і ў легалізацыі, хто звернецца да нас. І выканаем сваю частку на ўсе сто адсоткаў.
Нагадаем, ноччу ў чацвер, 18 снежня, у Варшаву прыехала звыш 100 палітвязняў. Каля 90 з іх засталіся ў Польшчы, астатнія накіраваліся ў іншыя краіны. Як адзначыў Алег Кулеша, многія з іх былі ў дрэнным стане здароўя, але выглядалі бадзёра.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






