У судзе Барысаўскага раёна 23 верасня будзе разгледжана чарговая справа супраць палітвязня Алега Яфрэменкі. Яго трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 Алега перавялі на турэмны рэжым, а пазней двойчы дадавалі па году калоніі за “непадпарадкаванне адміністрацыі”. Алега ўтрымліваюць у зняволенні ўжо чатыры гады.
Алег Віктаравіч Яфрэменка — жыхар Віцебска, абвінавачаны і асуджаны па артыкуле аб гвалце да супрацоўніка МУС (арт. 364 Крымінальнага кодэксу) падчас вулічнага шэсця 13 верасня 2020 года.
Палітвязня абвінавацілі ў тым, што падчас акцыі ён зрабіў падсечку міліцыянту — той упаў і падрапаў далоні. Яфрэменка быў затрыманы ў той жа дзень.
9 снежня 2020 суд Першамайскага раёну Віцебску вынес прысуд Алегу Яфрэменку. Суддзя Наталля Карабліна асудзіла яго да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры з паловай гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.
Знаходзіўся ў Турме № 4, пасля быў пераведзены ў ПК №15.
Пачынаючы з 30 верасня 2021 Алег адбывае пакаранне ва ўмовах турэмнага рэжыму ў Турме № 4. Вядома, што ў турме палітвязня рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА за “парушэнне парадку”.
15 жніўня 2022 г. у судзе Ленінскага раёна Магілёва вынеслі прысуд Алегу Яфрэменку, якога абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Вікторыя Палякова прызначыла палітвязню яшчэ адзін год зняволення.
18 лістапада 2022 года Алега перавялі ў ПК № 9 у Горках.
Трэці суд над Алегам адбыўся 25 ліпеня 2023 г. Справу разглядала суддзя Горацкага раёна Алена Вараб’ёва. Яна прызнала палітвязня вінаватым і прысудзіла яму яшчэ адзін год пазбаўлення волі.
У пачатку 2024 г.стала вядома, што Алег адбывае тэрмін у ПК-14.
вясна