
Трэба шукаць тэмы, якія нас аб’ядноўваюць. Гэта могуць быць сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і абмеркаванне будучыні Беларусі ці беларускіх дыяспар, гэта можа быць дапамога палітвязням і іх сем’ям ды шмат чаго іншага, распавёў “Госць Рацыі”, прадстаўнік беларускай дыяспары ў ЗША Алекс Янцэвіч у гутарцы з Алісай Поль:
РР: Якія тэмы звязаныя з Беларуссю для вас зараз застаюцца актуальнымі і чаму?
Алекс Янцэвіч: Думаю, што цяпер усе беларусы зважаюць на тое, як будуць праведзеныя выбары ў Беларусі і ў Каардынацыйную раду. Я таксама пра гэта думаю. Таксама ў мяне была сустрэча са Святланай Ціханоўскай у Ельскім універсітэце ў снежні. Мы абмяркоўвалі гэтыя тэмы. Таксама мы памятаем і думаем пра палітвязняў, пра тых людзей, якія сядзяць у турме. Сярод іх ёсць нашыя сябры, нашыя родзічы.
РР: Якія магчымасці ёсць у беларусаў замежжа, каб актуалізаваць тэму выбараў?
Алекс Янцэвіч: Наконт выбараў у самой Беларусі, у парламент не легітымнай улады, я мяркую, што там мы нічым не зможам дапамагчы. Таму што гэта ж не выбары, а проста прызначэнне асобных людзей на гэтыя пасады. Таму паўплываць вельмі цяжка. Я згодны з тымі думкамі, што проста трэба выкрэсліваць усіх. Калі так склалася, што ты павінен ісці, ты жывеш у Беларусі і павінен ісці на выбары, то проста трэба выкрасліць усіх і ўсё. Гэта напэўна самая лепшая магчымасць, каб выказацца, што ты супраць усіх.
РР: Якім чынам пра палітвязняў згадваць у ЗША. Якая дапамога магчымая?
Алекс Янцэвіч: Наколькі я валодаю інфармацыяй, то ў розных суполках, якія знаходзяцца недалёка, у Нью-Ёрку, у Бостане, у Філадэльфіі. Прыязджаюць розныя людзі, нават байцы з Палка Каліноўскага. Калі ім патрэбна падлячыцца ці яшчэ штосьці, то суполкі збіраюць дапамогу. Ведаю, што збіраюцца грошы для дапамогі сем’ям палітвязняў. Гэта напэўна самае большае, што мы можам зрабіць на гэты час. Мы заўсёды нагадваем пра тое, што ў нас ёсць палітвязні, трэба неяк ціснуць на тую ўладу, якая захапіла Беларусь, каб гэта неяк зрушыць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Алекс Янцэвіч дадаў, што таксама шмат напрацовак з’яўляецца менавіта падчас сустрэчы прадстаўнікоў беларускай дыяспары з лідарамі ў замежжы.
Беларускае Радыё Рацыя






