BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алена Дзядзюля: Я хачу ўбачыць сваіх бацькоў яшчэ жывымі

Алена Дзядзюля – шматдзетная маці, былая палітзняволеная, асуджаная на год зняволення за маляванне на  калгасных цюках з сенам чырвоных палос. Але пасля вызвалення над ёю навісла іншая пагроза, таму ёй прыйшлося ўцякаць.

РР: Што Вы можаце расказаць пра месца зняволення?

Алена Дзядзюля: Справа ў тым, што псіхалагічна я была гатовая да гэтага. Нас затрымалі ў верасні 2021 года. Я лічу, што ў турмах толькі 20% жанчын, якія насамрэч злачынцы, якія павінны сядзець. Астатнія – гэта ахвяры рэжыму. І мне хочацца крычаць: людзі, нашыя жанчыны сядзяць незразумела чаму. Так, там ёсць тыя, хто п’е, хто, магчыма, абараняўся ад сваіх мужоў, якія іх збіваюць. Інстытут сям’і ў краіне трэба падвышаць. Трэба працаваць з сем’ямі, трэба звяртаць увагу на дзяцей у нядобранадзейных сем’ях і не забіраць іх з сям’і. Я сама выхавала дзвюх дзяўчынак-сірот.

РР: Вы шматдзетная маці. Чаму Вам прыйшлося з’ехаць з Беларусі?

Алена Дзядзюля: Пасля турмы, як я выйшла, праз месяц мяне затрымала КДБ. Завезлі на допыт, сказалі, што я сведка па “справе Ціханоўскай”. І я зразумела, што па такой справе сяду ізноў. У эміграцыі я з 2022 года.

РР: Вам удалося трохі замацавацца тут?

Алена Дзядзюля: Так. Паколькі я ў Вільні, літоўская мова вельмі складаная, без мовы можна працаваць толькі прыбіральшчыцай, але я адкрыла ІП. Працы ў мяне хапае. Канешне, складана, трэба арэндаваць жыллё, у мяне яшчэ дзіця.

РР: Вы выехалі з адным дзіцём?

Алена Дзядзюля: Так. У мяне засталіся ў Беларусі яшчэ трое дзяцей. Але яны са мной не падтрымліаюць адносінаў. Яны ўжо дарослыя і гэта мой боль.

РР: Вы сказалі, што выйшлі з турмы, гатовыя да барацьбы па вызваленні Беларусі. Зараз у Вас такі запал прапаў ці не?

Алена Дзядзюля: У мяне няма іншага выйсця. Я хачу бачыць сваіх дзяцей. Я хачу, каб яны мяне прабачылі. Я хачу яшчэ ўбачыць сваіх бацькоў. Яны ў мяне ўжо старэнькія. Я хачу ўбачыць іх жывымі. Таму ў мяне няма іншага выйсця. Мы робім, што можам без грошай, без грантаў. Балазе, у нас моцная каманда.

Асабістая трагедыя Алены не дае ёй спакою і рухае да барацьбы за вольную Беларусь. Таму яна стала ўдзельніцай круглага стала «Сход неабыякавых людзей».

Беларускае Радыё Рацыя