Блогерку і актывістку партыі БХД з Віцебскай вобласці Алену Янушкоўскую праз суд выпісваюць з хаты, якую раённыя ўлады арыштавалі і прадалі ў траўні 2024 года праз аўкцыён за 18. 500 беларускіх рублёў. Хата пайшла ў лік доўгу перад дзяржавай ў суме 1400 рублёў. Гэта некалькі нясплачаных штрафаў з вялікай іх колькасці за грамадскую актыўнасць. Заяву ў суд Віцебскага раёна аб скасаванні рэгістрацыі без прадастаўлення іншага жылля падаў новы гаспадар Станіслаў Кадушкевіч.
Суд адбыўся 3 кастрычніка, гаворыць Алена Янушкоўская:
-У мяне скралі жытло, мяне выкідваюць на вуліцу. Гэта супраць усіх законаў, якія існуюць у Беларусі. Я – грамадзянка Беларусі. І ў мяне не будзе нават рэгістрацыі і пражываць мне не будзе дзе.
Праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч лічыць арышт дома, яго продаж і скасаванне рэгістрацыі Алены Янушкоўскай без прадастаўлення іншага жылля незаконным:
-Дзяржава парушае права сваіх грамадзян на жыллё, якое задэкларавана артыкулам 48 Канстытуцыі, у якім сказана, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё. І ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.
Паводле праваабаронцы, зараз, улічваючы несамастойнасць судоў Беларуси, нічога нельга зрабіць. У будучым, пры змене ўлады, трэба будзе адразу па гарачых слядах займацца вяртаннем незаконна забранага жылля.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя