BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алёна Панамарова: Нас аб’ядноўвае салідарнасць

Беларусы хутка адзначаць Дзень Волі. Пры гэтым у краіне цяпер звыш 1200 палітзняволеных. Для іх падтрымкі ў Варшаве 3 гады таму была створаная ініцыятыва “Напішы ліст палітвязню”. Як змянілася дабрачынная актыўнасць за час свайго існавання? Ці з’явіліся ў ёй пастаянныя ўдзельнікі? Пра гэта і не толькі сённяшняя Госця Рацыі, мадэратарка мерапрыемства Алёна Панамарова, распавяла нашаму радыё.

РР: Што зараз уяўляе з сябе ініцыятыва?

Алёна Панамарова: Зараз, як і тры гады таму, мы пішам лісты палітвязням, мы не змянілі свой накірунак. І кожную сераду мы збіраемся, пішам лісты, недзе 30-40 лістоў у сярэднім пішам і адпраўляем. І  ў прынцыпе з’явілася больш сталых валанцёраў, суполка не тое, што павялічылася, але стала больш такой хатняй. Нават у нас бываюць сустрэчы, калі мы частуемся дранікамі ад нашых валанцёраў, і не толькі дранікамі Вельмі, канешне, удзячныя такім пачастункам-падарункам. Але ўсё ж такі асноўная наша праца – гэта пісаць лісты. Таму мы пішам і не спыняемся.

РР: Мне падаецца, што асаблівай “хатнасці” дадаецца і прысутнасць сабачкі часам.

Алёна Панамарова: Так, у нас ёсць наш сталы валанцёр “Грунвальд”. Калі ён прыходзіць, канешне, ўсе яго вельмі любяць, і ён заўсёды нам дапамагае – падгрызае ножкі нам, крадзе пячэнькі. Не кожны раз даводзіцца з ім прыходзіць, але ён з намі, ён стараецца, як і ўсе нашы валанцёры.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра тых, хто ўжо пастаянна разам з вамі.

Алёна Панамарова: З прынцыпаў бяспекі я не буду, канешне, называць імёны і нейкія асабістыя дадзеныя. Але гэта беларусы Варшавы, якія прыходзяць да нас. У кожнага з іх асабістыя нейкія прычыны прыходзіць. Некаторыя хочуць далучыцца да справы напісання лістоў, некаторыя пішуць сваім сябрам, некаторыя пішуць вельмі даўно. І многія, дарэчы, пішуць вельмі даўно, яшчэ нават да нашай ініцыятывы, многія пішуць дома і прыходзяць на ініцыятыву ўжо з пачкам такіх лістоў. Мы правяраем адрасы і абмяркоўваем, ці варта адпраўляць у СІЗА ці турму. Адно нас аб’ядноўвае – гэта салідарнасць, салідарнасць з палітвязнямі і жаданне дапамагчы хоць нейкім чынам у сітуацыі, якая ёсць на сёння.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Ініцыятыва “Напішы ліст палітвязню” ладзіцца кожную сераду з 18:00 да 20:00 у Беларускім Моладзевым Хабе.

З мадэратаркай актыўнасці Алёнай Панамаровай гутарыла Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя