BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алёна Панамарова пра ініцыятыву “Напішы ліст палітвязням”

Беларуская ініцыятыва ў Варшаве “Напішы ліст палітвязням” адзначыла 3 гады свайго існавання. Што зроблена за гэты час? Ці атрымлівае акцыя падтрымку? Як прайшлі яе чарговыя народзіны?

Пра гэта і не толькі “Госця Рацыі” – мадэратарка ініцыятывы Алёна Панамарова распавяла нашаму радыё:

РР: Ініцыятыве ўжо тры гады. З якім настроем, з якімі думкамі адзначаеце трэцюю гадавіну?

Алёна Панамарова: Настрой у нас сёння пазітыўны, у тым сэнсе, што мы спрабуем не падаць духам і не апускаць рукі. Мы разумеем, што толькі на негатыве складана працаваць увесь час. Таму, у прынцыпе, у нашым Інстаграме мы пішам пра тое, што наша старонка для таго, каб падтрымаць і матываваць людзей, каб нешта рабіць. Тое самае і з нашымі сустрэчамі. Мы спрабуем жартаваць, спрабуем падтрымліваць адзін аднаго. Мы спрабуем рабіць нейкія прыемныя справы, нейкія падарункі адзін аднаму. Таму зразумела, што дата – 3 гады, што нам даводзіцца пісаць лісты, гэта ўсё цяжка і складна. Але ўсё ж такі мы настройваемся на нейкія пазітыўныя думкі. Мы робім важную справу, мы дапамагаем людзям адчуць, што яны не забытыя. Для нас гэта ініцыятыва, яна як наша такое дзіцё. Яно расце разам з намі, яно развіваецца. Крута, што мы ўсё яшчэ разам, што мы ўсё яшчэ пішам, што ў нас нешта атрымліваецца.

РР: Што датычыць колькасці лістоў, яна насамрэч уражвае.

Алёна Панамарова: 4523 лісты мы напісалі за гэты час. Гэта вельмі многа, але палітвязняў яшчэ больш. Простая матэматыка, на жаль гэта ўмоўна кажучы менш, чым па два лісты на кожнага палітвязня. Мы хочам, каб было яшчэ больш, пісаць і павялічваць гэту колькасць. Я нават ведаю, што ў многіх ініцыятыў значны вынік. Усе малайцы, хто піша лісты. Мы дзелімся сваім асабістым вынікам, я ведаю, што не толькі мы пішам, але і многія ініцыятывы, праекты аказваюць падтрымку палітвязням. Я хачу падзякаваць усім, хто гэтым займаецца, хто дагэтуль не перагарэў, хто дагэтуль піша, хто дагэтуль падтрымлівае палітвязняў.

РР: Вы таксама ўручылі прэзенты тым, хто найбольш падтрымліваў вашу ініцыятыву.

Алёна Панамарова: Мы нядаўна зрабілі такі рэбрэндынг і ў нас з’явіўся такі сімвал – гэта птушка журавель. Калісьці мы рабілі такую інсталяцыю “Птушкі свабоды”, зрабілі 1500 папяровых журавоў. Вось гэтую папяровую птушку арыгамі мы вырашылі зрабіць сваім сімвалам. Мы падаравалі нашым валанцёрам, мадэратарам, сябрам такія бірулькі ў выглядзе гэтых птушак. Гэта птушка сімвал свабоды, сімвал падтрымкі. Спадзяёмся, што ўсе нашыя палітвязні хутка выйдуць на волю і паляцяць, як гэтыя птушкі.

РР: Што цябе менавіта, як суарганізатарку, як мадэратарку гэтай ініцыятывы, уразіла найбольш?

Алёна Панамарова: Уся гэта сустрэча для мяне вельмі кранальная. Увесь час я адчуваю такія дрыжыкі. Я разумею, што падаецца быццам мы робім мала, але калі азіраемся назад, то рэальна мы робім многа. Мы ўсё яшчэ ўвогуле нешта робім. Хаця многа хто стаміўся, многа хто адышоў ад спраў. Кожны раз гучаць словы падтрымкі людзей, якія кажуць: “Дзякуй, што вы ёсць, што вы існуяце”. Яны вельмі для мяне важныя. Даволі многа людзей прыйшло падтрымаць нашых сяброў. Для мяне гэта вельмі кранальна. Мяне многа гісторый уражвае, але я не ўсё магу расказаць для бяспекі. Але тое, што прыйшло многа людзей і ўсе такія адкрытыя, расказваюць пра тое, што ініцыятыва для іх важная. Для мяне гэта вельмі кранальна і прыемна.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

На 3-годдзі ініцыятывы таксама выступіў гурт “Belarusian Truestory”.

Беларускае Радыё Рацыя