Ініцыятыва «Напішы ліст палітвязням» працягваецца ў Варшаве. Кожную сераду беларускія актывісты сустракаюцца, каб падтрымаць тых, хто за кратамі.
Мы паразмаўлялі з Госцяй Рацыі, мадэратарам падзеі Аленай Панамаровай:
– Зараз нельга сказаць што мы расцем, але мы стварылі такі валанцёрскі калектыў, які пастаянна працуе, кожную сераду, людзі збіраюцца. Дадаюцца часам новыя людзі, некаторыя з новых людзей праз некаторы час становяцца сталымі валанцёрамі. Мы дэмакратычна падыходзім да правядзення гэтай сустрэчы, мы не навязваем ніякай асаблівай канцэпцыі акрамя таго, што мы мусім напісаць канешне лісты, то бок у нас ёсць мэта гэтай сустрэчы.
– Але падчас сустрэчы людзі паміж сабой стасуюцца, абманваюцца досведам. Мы гэта не мадэруем, яны могуць проста сядзець і пісаць, потым захочуць паразмаўляць 10 хвілін. Няма такіх тэрмінаў і дэдлайнаў. Часам бываюць такія моманты, калі мы проста паміж сабой пачынаем размаўляць, абменьвацца сваім асабістым досведам. Але заклікаю ўсіх да бяспекі. Усёж-такі людзі прыходзяць сюды розныя, не ўсіх мы ведаем, то бок заклікаю, каб людзі думалі пра сябе, сваіх блізкіх, быць трошкі асцярожнымі ў гэтым сэнсе.
РР: Ці можна зараз прыгадаць, можна ананімна, нейкую гісторыю чалавека які прыходзіў і пісаў лісты, якая вельмі моцна закранула?
– Мяне заўсёды кранаюць гісторыі, так як я сама маці, калі прыходзяць бацькі і пішуць сваім дзецям. Я не буду называць імя, але ёсць бацькі, якія прыходзяць і пішуць да свайго сына. Канешне гэта вельмі цяжка пераносіць. Я проста адчуваю гэты боль маці, якая разумее, што яе дзіця за кратамі. Ты амаль нічым не можаш дапамагчы, акрамя падтрымкі. Але чалавека пакуль што выцягнуць адтуль не можам. Канешне гэта вельмі цяжка.
– Падчас сустрэч мне вельмі часта прыходзіцца размаўляць з людзьмі. Не скажу што я псіхолаг, у мяне няма псіхалагічнай адукацыі, але вельмі часта ўся ініцыятыва ў мяне праходзіць за размовамі. А мае партнёры і сябры робяць астатнія справы. Так на жаль адбываецца, таму што я больш публічная ў гэтай ініцыятыве, а астатнія мадэратары не. Вельмі часта так адбываецца, што звяртаюцца людзі паразмаўляць, параіцца, хаця ў мяне самой не так шмат досведу.
– Таксама шмат чытаю пра тое, як можна перадаваць перадачы, як што можна рабіць, і г.д. Сама знаходжуся па-за Беларуссю, зʼехала напрыканцы 2020 году. То бок шмат перадач перадаць у мяне не атрымалася. То бок кожны займае нейкую сваю ролю, паміж мадэратарамі вызначаныя справы. Але мы мяняемся канешне, калі там хтосьці вельмі заняты, альбо бывае такое, што ўжо проста няма сіл займацца. Мы падтрымліваем адзін аднаго, і стараемся, каб справа ўсёж-такі жыла. Я не чытаю лісты. То бок у нас ёсць такая палітыка, людзі напісалі, яны яго заклеілі і паклалі. Нашая справа як мадэратараў адправіць гэты ліст – сабраць грошы, знайсці фінансаванне пад гэта ўсё, і г.д. Нашая задача не толькі каб людзі пісалі і рабілі здымкі сваіх лістоў, але і яшчэ развіваць у людзях гэтую грамадскую адказнасць, расказваць пра тое, што ў нас ёсць палітвязні.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:
Цяпер далучыцца да актыўнасці і напісаць лісты палітвязням можна па серадах з 18 да 20 гадзін у Беларускім Моладзевым Хабе.
Беларускае Радыё Рацыя