Гісторыя 3. Алена Шымоліна, юрыст з 25-гадовым стажам з Пінска. Пасля змушанага ад’езду з Беларусі зразумела, што праца за мяжой юрыстам для яе закрытая.
Елена Шымоліна мае дзве вышэйшыя адукацыі: філалагічную і юрыдычную. У Беларусі яна працавала ў школе, на прадпрыемстве, у Міністэрстве транспарту была намеснікам начальніка юрыдычнага аддзелу. Аднак апошнія 12 год з 25 гадоў юрыдычнага стажу яна працавала прыватным юрыстам. “Фактычна юрыст-адвакат, які займаецца карпаратыўнымі справамі, праца з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў гаспадарчых ці эканамічных судах, але не ў судах агульнай юрысдыкцыі. У мяне была свая кліентура ў Пінску, юрыдычнае бюро”– згадвае Алена Шымоліна.
Акрамя гэтага Алена Шымоліна 20 год займаецца апазіцыйнай дзейнасцю, была заснавальніцай дабрачыннай арганізацыі “Палеская дабрыня”. У 2020 годзе была назіральніцай на выбарах, а яе арганізацыя матэрыяльна дапамагала жыхарам Пінска, якія пацярпелі ад сілавікоў падчас акцый пратэсту.
“Мы чакалі перамен, а яны не здарыліся. А ў пачатку кастрычніка 2020 года адбыўся вобыск на працы і дома. Мяне забралі на допыт. Пасля гэтага тэрмінова давялося з’язджаць. Я са сваёй дачкой выехала спачатку ва Украіну. Апынулася ў Доме правоў чалавека ў Чарнігаве, там знаходзілася 3 месяцы, была адміністратарам асабістых спраў.” – распавяла Алена Шымоліна.
Пасля Чарнігава Алена са сваёй няпоўнагадовай дачкой з’ехала ў Варшаву, дзе спачатку жыла ў лагерах для ўцекачоў. У Польшчы яна атрымала палітычны прытулак і знайшла працу поварам ва ўстанове адукацыі “Агніска”, куды прыходзілі дзеці пасля школы рабіць урокі і займацца ў розных гуртках. Алена Шымоліна гатавала для іх абеды і вячэры.
Як прызнаецца юрыстка, спачатку давялося цяжка: “Калі англійскую мову я ведаю някепска, то польская мова ў мяне да гэтага не была прыярытэтнай. Ведала некалькі агульных выразаў”. І ў 52 гады Алена Шымоліна пайшла вучыць польскую мову. Яна хадзіла на некалькі курсаў. Аднак па выніку набыла сабе адмысловую праграму на тэлефон, якую падчас працы ўключала і слухала. “Акрамя таго я працавала з польскімі дзецьмі і ў польскім калектыве. І калі такі асяродак, то мова вывучаецца хутчэй”, – заўважыла Алена Шымоліна.
Калі пры Варшаўскай мітраполіі ў Цэнтры культуры праваслаўнай адкрыліся курсы польскай мовы, то Алена пайшла на іх. Тут яна пазнаёмілася з праваслаўным сястрынствам, якія дапамаглі атрымаць пакой. І пры праваслаўным цэнтры Алена пачала працаваць у гатэлі пакаёўкай і кастэлянкай.
– Я добра ўсведамляла, што я не змагу канкурыраваць у Польшчы на роўных у сілу ўзросту і адсутнасці энергетыкі. Бо мы ж усе тут “параненыя”, “пакалечаныя”, мы ўсе ў дэпрэсіях, мы ўсе ў тузе. Я добра ўсведамляла, што не змагу быць тут юрыстам. Бо трэба вывучыцца, трэба добра ведаць тэрміналогію. А часу ў мяне няма. Бо пакуль я адвучуся ва ўніверсітэце, пакуль я сфармірую тэрміналогію, пакуль сфармірую правапрымяняльную практыку, то мне ўжо будзе пад 60 год. І я ў гэтым узросце прыйду ў нейкую праўную канцылярыю і буду бегаць ды пытаць, што мне рабіць!? Гэты шлях быў закрыты для мяне. Вось і ўсё.”– падсумавала з жалем Алена Шымоліна.
У Цэнтры культуры праваслаўнай пры Варшаўскай праваслаўнай мітраполіі Елена працуе 3 гады. Праз некаторы час працы пакаёўкай і кастэлянкай дырэктар Цэнтру прапанаваў ёй стаць дзяжурным адміністратарам усяго Цэнтру. А з нагоды100-годдзя Варшаўскай праваслаўнай аўтакефальнай мітраполіі Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы ўладыка Сава ўзнагародзіў Алену Шымоліну Дыпломам за старанную працу на карысць аўтакефальнай праваслаўнай Царквы ў Польшчы.
Паралельна Алена Шымоліна скончыла паслядыпломныя курсы па спецыяльнасці “Спецыяліст аддзела кадраў”, зарэгістравала некалькі фундацый (сярод якіх БХД) і аб’яднанне “Камітэт абароны правоў беларусаў”.
Увесь гэты няпросты перыяд Алену Шымоліну падтрымлівала вера, што ўсё атрымаецца і адказнасць за блізкіх: “Са мной была мая няпоўнагадовая дачка. Потым прыехала мая сястра, якая 35 гадоў працавала ў агульных судах адвакатам і якая вымушана з’ехала з Беларусі. Потым яе сын таксама змушана эміграваў. Што мне заставалася рабіць? А з іншага боку, тут свабода, тут нам нічога не пагражае, тут вольна дыхаеш” – гаворыць Алена Шымоліна.
Кожны новы год яна загадвае жаданне вярнуцца дамоў. “Аднак калі гэта будзе?” – задае рытарычнае пытанне Алена Шымоліна.
Марыля Загорская, Беларускае Радыё Рацыя