BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алена Талстая: Беларускі народ паказаў, што памятае і шануе сваіх герояў

22 лістапада 2019 года ў Вільні адбылося перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. На гэтым мерапрыемстве былі ўшанаваны 20 удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў, якія загінулі ў змаганні за незалежнасць краін былога Вялікага Княства Літоўскага ад імперскай драпежніцы Расеі. На перапахаванне прыехала вельмі шмат беларусаў. Колькасць бел-чырвона-белых сцягоў уражвала падчас гэтай цырымоніі.

Успамінамі пра гэтую ўрачыстасць падзялілася госця Беларускага Радыё Рацыя, сустаршыня Руху Салідарнасці «Разам» Алена Талстая:

РР: Вы былі на перапахаванні. Што найбольш засталося ў памяці?

– Гэта адна з вельмі ўзрушальных падзей. Мы да яе рыхтаваліся. Я вылучалася і на выбары ў Палату, каб скарыстацца магчымасцю звярнуцца да беларусаў, тады яшчэ была такая магчымасць, на беларускім тэлебачанні, як кандыдат у дэпутаты. Заклікала далучацца да гэтай знакавай падзеі для беларусаў. І ад Руху Салідарнасці «Разам» мы арганізавалі аўтобус на 55 чалавек. І тое, колькі людзей, колькі сцягоў тады было ў Вільні, канешне, узрушала не толькі саміх беларусаў, але гэта было вялікім паказчыкам і для Літвы, і для палякаў. Гэта пацвярджала, што беларускі народ існуе. Гэта, канешне, аказала вялікае ўздзеянне і на наступныя падзеі ў Беларусі, і на наступны ход гісторыі. На тую колькасць людзей, на тую колькасць сцягоў, якія з’явіліся на вуліцах Беларусі — бел-чырвона-белых сцягоў — пасля жніўня 2020 года.

РР: Нагадайце, калі ласка, слухачам, пры якіх абставінах былі знойдзены парэшткі Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў-паўстанцаў?

– На самай справе беларусы памяталі і ведалі, дзе пахаваны паўстанцы. У даўнія часы яшчэ там стаяў крыж на гары Гедыміна. Рух Салідарнасці «Разам» заўсёды арганізоўваў паездкі ў Вільню на ўшанаванне: на Дзень нараджэння і Дзень забойства Кастуся Каліноўскага. Кажуць, раней беларусы заўсёды садзілі кветкі каля крыжа. І калі ў выніку эрозіі глебы агаліліся гэтыя парэшткі, Літва арганізавала камісію, якая занялася іх даследаваннем. У гэтай камісіі ўдзельнічалі і нашы беларускія гісторыкі, якія дапамагалі ў працы.

Мы таксама ездзілі ў Вільню на канферэнцыю, дзе нам паказвалі вынікі сваёй працы. І вельмі страшнае ўражанне засталося ад таго, як расейскія вайскоўцы абыходзіліся з парэшткамі паўстанцаў. У якім стане яны знаходзіліся: са скручанымі калючым дротам рукамі за спіной, засунутыя ў нейкія шчыліны пад мурамі. Некаторых пахавалі з падціснутымі нагамі, запіхвалі ў шчыліны паміж камянямі.

Парэшткі знаходзіліся на месцы расейскай крэпасці, якая тады была на гары Гедыміна. І гэтыя расейскія вайскоўцы нічым не адрозніваліся ад тых, хто дзейнічаў потым ва Украіне, у Бучы, у Гастомелі. Ім было мала забіць герояў паўстання антыімперскага. Ім трэба было зрабіць так, каб людзі не маглі іх ушанаваць, каб не маглі пакласці кветкі і выказаць падзяку.

Расейская імперыя заўсёды рабіла ўсё, каб у народа не было правадыроў, каб людзі не маглі ўзняць свае сцягі і мець сваіх герояў. Гэта паказвае антычалавечую прыроду гэтай улады: ці то царскай, ці то савецкай, ці то сучаснай бандыцкай фээсбэшнай.

РР: Як праходзіла перапахаванне? І хто быў з высокіх прадстаўнікоў іншых дзяржаў?

– Ад Беларусі фактычна прыехала ўся наша беларуская творчая інтэлігенцыя. Асобна хачу ўзгадаць, што там былі нашы мастакі суполкі «Пагоня», сябры Руху Салідарнасці «Разам». Быў там і Генадзь Драздоў, наш вельмі знакаміты мастак, які цяпер знаходзіцца ў турме і мала пра яго гавораць.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

З госцяй нашага радыё, сустаршынёй Руху Салідарнасці «Разам» Аленай Талстой, гутарыла карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя