Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя — заснавальніца кіеўскага хабу “Сустрэча” Алена Жаркевіч. Гутарым з ёй пра беларускі аўтаполк, эвакуацыі з акупаваных тэрыторый і неверагодныя здольнасці беларускіх валанцёраў. Размаўляе з Аленай Жаркевіч наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Распавядзіце, калі ласка, пра вашу дзейнасць, пра валанцёрскія хаб, сустрэчы. Нядаўна была інфармацыя пра тое, што вы набылі аўтамабіль для нашых ваяроў. Чым зараз займаецца хаб і вы як валанцёр?
Алена Жаркевіч: Апошняе на самой справе, што рабіў хаб, гэта мы наведвалі «Ахматдзет». Мы збіралі разам з Лахвічам і беларусамі Беластока гуманітарную дапамогу, вось забралі яе і прывезлі сюды. Гэта апошняе такое, што рабілі менавіта проста як гуманітарная дапамога. А так мы кожны тыдзень прыганяем аўтамабілі для арміі, і зараз мы разам з беларусамі Польшчы набылі тры аўтамабілі, гэта 225-ай брыгады аўтамабілі, якія мы прыгналі. Дзве паспелі прыгнаць да таго, як яны паехалі ў Курск, і адзін яны забралі на тым тыдні. Прыехалі хлопцы да нас і забралі.
РР: Давайце адзначым наколькі гэта наогул важна, сродкі перасоўвання на вайне і адкуль гэтыя машыны? То бок гэта зборы беларусаў, палякаў, адкуль яны бяруцца?
Алена Жаркевіч: Гэта зборы зараз ужо і вайсковых саміх, яны самі збіраюць грошы, мы ім дапамагаем. І гэта ўжо такая агульная праца, таму што калі там два гады таму мы маглі нават праз маю старонку ў Фэйсбуку сабраць грошы самі і набыць аўтамабіль, то зараз гэта становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. І большая частка ўкраінцаў пра нас ужо ведае, таму яны звяртаюцца, нават даюць свае грошы, кажуць, вось у нас ёсць там тысячы даляраў, дапамажыце. І мы шукаем самыя танныя аўтамабілі ў Еўразвязе, у Польшчы, у Нямеччыне, і хуценька гонім іх сюды. Гэта ўжо агульныя сродкі, не тое, што там ёсць нейкі фонд такі ці мы абвясцілі збор, сабралі. Так яно ўжо не працуе, на жаль.
РР: Напэўна, важна зазначыць, што гэта жыццёва неабходная рэч як аўтамабіль для ваяроў і што гэта фактычна, як мне падаецца, расходны матэрыял.
Алена Жаркевіч: Вельмі неабходна, як мы паміж сабой кажам, што аўтамабіль – гэта расходны матэрыял, два тыдні – і ўсё, яго няма. Таму што аўтамабілі патрэбныя і проста, каб перасоўвацца, каб нават дакументы завезці з адной кропкі ў другую, ці каб хлопцаў кудысьці перавезці ці яшчэ што. Ці з Кіева ім давезці колы, гэта ўсё патрэбна. То бок не адно з адных неабходных, а на ўзроўні зусім, што ёсць неабходным на вайне – і параненых забіраць, і адвозіць, і забраць іх з баявых дзеянняў, а пасля перавезці з адной лякарні ў другую. І гэта ўсё мы дапамагаем.
Алена Жаркевіч зазначае, што дапамагчы беларускаму аўтапалку і хабу можа кожны. Зусім не абавязкова ахвяраваць грошы. Патрэбныя, у першую чаргу, актыўныя людзі. Напрыклад, кіроўцы, ці СММ-спецыялісты.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з “Фэйсбук” Алены Жаркевіч






