BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Алена Жаркевіч: Украінцы стаміліся, але яны працягваюць барацьбу

Госця Рацыі – беларуска Алена Жаркевіч, якая зараз знаходзіцца ў Харкаве.

Фота: facebook.com

РР: Рады, што можна дазваніцца ў Харкаў. Мы сёння паведамляем пра чарговую жахлівую ноч. Зноў прыляталі расейскія ракеты і беспілотнікі. Зноў ёсць пацярпелыя. Якая сітуацыя ў Харкаве, як горад рыхтуецца  да чарговай ночы, якая ізноў можа быць неспакойнай?

Алена Жаркевіч: Горад, я думаю, рыхтуецца як заўсёды. Таму што іх бамбяць ужо не першы дзень і не першы год. Мы з нашымі валанцёрамі-беларусамі былі на месцы падзей. Там усе працуюць – і дзеці, і дарослыя. Усе разбіраюць завалы, забіваюць вокны. Таму што ўжо восень, холадна. Сітуацыя вельмі цяжкая.

РР: Як бы Вы параўналі тую Украіну з сённяшняй, якая ваюе ўжо два з паловай года?

Алена Жаркевіч: Украіна ваюе ўжо 10 гадоў. І, на жаль, ва Украіне шмат людзей не ведала, што ў іх вайна. Яны жылі, так як і мы, і не ведалі, што ў іх побач вайна. Потым вайна прыйшла да кожнага ў дом. І адразу яны змагаліся ўсе разам. Зараз усё не так. Людзі стаміліся. Але гэта не гаворыць пра тое, што яны не хочуць працягваць барацьбу. Хтосьці адпачне, а пасля працягвае, ёсць такія, хто “забіў” на гэтую справу. Ёсць такія, хто кажа, што трэба дамаўляцца. Але, можа мне так пашанцавала, што ў маім асяроддзі толькі тыя людзі, якія гатовыя змагацца і будуць змагацца. І я ўпэўнена, што яны гэта будуць рабіць да апошняга, так як і я. І што б не адбывалася, альбо мы пераможам, альбо мы ўсе тут паляжам.

РР: Як Вы бачыце, што патрэбна для перамогі? Зразумела, што перш-наперш салідарнасць вялікіх дэмакратычных дзяржаў і дапамога зброяй, дазвол на тое, каб украінцы маглі атакаваць цэлі далёка ў Расеі. А што могуць зрабіць простыя грамадзяне, якія жывуць у дэмакратычных краінах?

Алена Жаркевіч: Безумоўна, вы маеце рацыю наконт зброі. Таму што без зброі нічога не будзе. Гэта першае, што патрэбна Украіне. А ў астатнім – Украіне патрэбна ўсё. Мы сёння прыехалі ў Харкаў, і я сёння бачу людзей, у якіх няма адзення. Я бачу людзей, у якіх зруйнавана ўсё, што ў іх ёсць. І яшчэ Украіне патрэбныя рукі. Таму што ідзе вайна, хлопцы пайшлі ваяваць і нават няма будаўнікоў. Няма тых, хто можа прыехаць і дапамагчы разабраць завалы, адбудаваць тое, што зруйнавалі. Таму гэта вельмі важна.

РР: Калі хто можа ахвяраваць грошы, прадукты ці рэчы, як гэта зрабіць?

Алена Жаркевіч: Па-першае, ёсць шмат фондаў, у тым ліку ўкраінскіх, па-другое, ёсць ініцыятывы людзей, ёсць фэйсбук, у якім пішуць, як можна дапамагчы. І ёсць мы – Беларускі аўтаполк наш, які кожны тыдзень ездзіць ва Украіну з Польшчы. І мы можам забіраць рэчы з Варшавы і амаль з любога польскага горада. У сацсетках шмат пішуць, што чалавеку патрэбна дапамога. І людзі могуць сабрацца і дапамагчы.

РР: То бок, Вы раіце аказваць канкрэтную дапамогу? Гэта дапамога, якая безумоўна тапляе канкрэтна да тых, да каго трэба?

Алена Жаркевіч: Так, канешне. Акрамя гэтага падтрымка тых украінцаў, якія з’язджаюць. Ім таксама яна вельмі важная. Каб іх падтрымалі, каб  лішні раз усміхнуліся ці сказалі добрае слова. Каб людзі разумелі, што яны не адныя.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

 Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя