BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Алесь Бяляцкі: масты і сцены” – выстава ў Сейме Літвы

“Алесь Бяляцкі: масты і сцены” – выстава ў гонар беларускага палітзняволенага і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага адкрылася ў Сейме Літвы 25 верасня. У гэты дзень, 25 верасня 1962 года нарадзіўся вядомы праваабаронца, свае 63 гады ён будзе сустракаць у турме ў Беларусі.

Выставу арганізавалі апарат спікера Сейму Юозаса Олекаса, Офіс Святланы Ціханоўскай, праваабарончы цэнтар «Вясна» і цэнтар «Еўрапейскі дыялог».

Юозас Олікас
На фота: Юозас Олікас

Адкрыў выставу спікер Літоўскага Сейма Юозас Олекас, які назваў Алеся Бяляцкага “зоркай на небасхіле Беларусі” і адзначыў вялікую ролю “Вясны” ў абароне правоў чалавека.

Аляксандр Дабравольскі

А ад офіса Святланы Ціханоўскай выступіў яе дарадца Аляксандр Дабравольскі:

-Алеся Бяляцкага я ведаю вельмі даўно з канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя, як дзеяча, які заўсёды змагаўся за Беларусь і за справядлівасць. І гэтая выстава паказвае, што ён выкарыстоўваў усе магчымасці, каб падняць пытанне Беларусі, беларусаў  і правоў чалавека на міжнародны ровень.

Пра Алеся Бяляцкага на адкрыцці выставы выказаўся і яго калега з праваабрончага цэнтра “Вясна” Канстанцін Старадубец.

Канстанцін Старадубец.

Ён зазначыў, што, па звестках “Вясны”, у Алеся пагоршылася здароўе і ён быў у лякарні:

-Нядаўна мы праз вязня, які вызваліўся, даведаліся, што Алесь нібыта быў у лякарні. Але мы і так ведалі, што ў яго праблемы са здароўем.

РР: Ці праўда, што ў яго была аперацыя?

-Гэта ўсё са слоў таго ж былога вязня. Мы не можам дакладна пацвердзіць.

На выставе “Алесь Бяляцкі: масты і сцены” было прадстаўлена больш за 30 фотаздымкаў Алеся Бяляцкага з  сустрэч з сусветнымі палітыкамі і праваабаронцамі.  Выстава будзе працаваць у Сейме Літвы да 9 кастрычніка.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя