«Нобелеўская прэмія міру абараніла мяне. Яна абараніла мяне ад іншых зняволеных, а таксама ад турэмных ахоўнікаў і кіраўніцтва турмы. (…) Гэтая прэмія дала мне пэўную форму павагі», — сказаў беларускі праваабаронца падчас сустрэчы.

Нагадаем, 7 кастрычніка 2022 году Нобелеўскі камітэт уганараваў прэміяй міру праваабаронцаў з трох краін: Беларусі, Украіны і Расеі. Узнагароду атрымалі беларус Алесь Бяляцкі, украінскі Цэнтр грамадзянскіх свабодаў і расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял».
Алесь стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай — праваабаронцу затрымалі 14 ліпеня 2021 году і асудзілі да 10 гадоў калоніі. Ён выйшаў на волю напрыканцы 2025 году і быў прымусова вывезены з краіны.
«Месяц таму я быў у турме — а цяпер я тут!» — сказаў Бяляцкі, тлумачачы, што яго вызваленне стала вялікай нечаканасцю.

У Нобелеўскім цэнтры міру Бяляцкі атрымаў стос паштовак, якія наведвальнікі музея напісалі яму тры гады таму. Паштоўкі з выявамі катоў і кветак, якія любіць Алесь, былі часткай выставы Нобелеўскай прэміі міру «Ніхто не плануе здавацца».


Усяго Бяляцкаму ў турму было даслана больш за 2000 паштовак, але ён ніколі не бачыў ніводнай з іх. «Гэта форма фізічнага тэрору, каб зняволеныя адчувалі, што ніхто пра іх не клапоціцца», — сказаў Алесь.
Крыніца: nobelprize і nobelpeacecenter






